Дзярждэп ЗША вітае памілаванне Пратасевіча

Амерыканская адміністрацыя лічыць пазітыўнай прыкметай памілаванне Рамана Пратасевіча і заклікае Аляксандра Лукашэнку вызваліць усіх палітычных зняволеных.

З такой заявай выступіў на рэгулярным брыфінгу кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер, паведамляе ТАСС.

«Выкажуся ў цэлым: вызваленне нават аднаго палітычнага зняволенага ў Беларусі з’яўляецца пазітыўнай прыкметай. Асабліва калі агульная колькасць палітычных зняволеных працягвае расці, перавысіла паўтары тысячы», — сказаў прадстаўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства ў адказ на просьбу пракаментаваць памілаванне Пратасевіча.

«Пасля арышту яго бессаромна выкарыстоўвалі як інструмент беларускіх дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, яго выстаўлялі на тэлекамеры, прымусілі да дачы прызнальных паказанняў. Нягледзячы на тое, што ён быў памілаваны, спадарыня Сапега, якая яго суправаджала, працягвае адбываць шасцігадовы тэрмін зняволення. Мы паўтараем свой заклік вызваліць без папярэдніх умоў усіх несправядліва затрыманых палітычных зняволеных у Беларусі», — заклікаў Мілер.