Дзякуючы таямнічаму мецэнату: 33 рэліквіі прывезлі ў касцёл у Пружанах

Фота з адкрытых крыніц

Трыццаць тры рэліквіі — па адной на кожны год жыцця Хрыста. У маленькіх Пружанах здарылася вялікая падзея для ўсіх хрысціянскіх вернікаў краіны. У касцёл Успення Маці Божай прывезлі рэдкія прадметы, некаторыя з іх былі сведкамі ключавых момантаў у гісторыі рэлігіі. Для вернікаў гэта хвалюючы і радасны момант. Многія дзеля гэтага прыехалі з іншых гарадоў, сведчыць тэлеканал БТ-1.

Раней гэтыя прадметы знаходзіліся ў храмах Еўропы, якія пачалі зачыняць з-за незапатрабаванасці. У Беларусь святыні ўдалося перавезці дзякуючы мецэнату.

Ксёндз Павел Ярашэвіч, кіраўнік спраў пробашча Пружанскай парафіі, расказаў, чым канкрэтна цяпер багаты касцёл: «Перад намі рэліквіі святога Крыжа. Мабыць, самае вялікае значэнне для ўсіх хрысціян яно мае, таму што гэта як раз тое, праз што мы атрымалі выратаванне, праз што атрымалі вечнае жыццё. Таксама сярод найкаштоўнейшых рэліквій мошчы Мікалая Цудатворца — аднаго з самых шанаваных святых. Вернікі просяць яго аб вылячэнні, нараджэнні дзяцей, шчаслівым падарожжы і пра мір. Некаторыя каўчэгі паступілі ў касцёл з дакументамі, якія пацвярджаюць сапраўднасць рэліквій».

Прыкмета сапраўднага дакумента, які пацвярджае аўтэнтычнасць рэліквій — сухая пячатка, альбо адбітак, подпісы біскупаў, кардыналаў, якія сваім аўтарытэтам пацвярджаюць сапраўднасць рэліквіі, а таксама дата, у якую гэты дакумент быў выдадзены, патлумачыў ксёндз Павел Ярашэвіч.

Касцёл Успення Маці Божай у Пружанах пабудавалі ў 1883 годзе. Раней ён быў вядомы тым, што стаў першай парафіяй адзінага беларускага кардынала — Казіміра Свёнтэка. А цяпер гэта першы каталіцкі храм, у якім знаходзіцца столькі святынь адначасова. Перад тым, як рэліквіі занялі свае месцы ў храме, іх адрэстаўравалі.

Нагадаем, што ананімны мецэнат даўно дапамагае рамантаваць касцёлы і капліцы ў Ружанах і Пружанах, а таксама фінансаваў стварэнне 12 ікон з каштоўных матэрыялаў заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалаем Кузьмічом. Некаторыя лічаць, што гэты ананімны мецэнат, гэта Аляксандр Зайцаў — уладальнік Sohra Group (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), саўладальнік беларускай «Брэміна-Груп», уладальнік футбольнага клубу «Рух». Па інфармацыі некаторых сайтаў, ён з’яўляецца ўраджэнцам Ружанаў.