“Дзякуй Богу, Сяргею сталі выдаваць лекі…”

Сяргей Сацук. Фота з адкрытых крыніц.
Сяргей Сацук. Фота з адкрытых крыніц.

Аляксандр Сацук распавёў “Народнай Волі” пра апошнія навіны ад брата.

Нагадаем: Сяргей Сацук – галоўны рэдактар заблакаванага інтэрнэт-партала «Ежедневник», аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме.

Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. Сяргея абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару» (арт.430), «распальванне варожасці» (арт.130), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт.426).

У выніку Сяргей Сацук асуджаны на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама журналісту прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12.384 беларускіх рублёў.

Да разгляду апеляцыйнай скаргі Сацука этапіравалі ў магілёўскую турму №4. У мінулым месяцы Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд журналісту. Нягледзячы на тое, што працэс у Мінскім гарадскім судзе быў адкрытым, Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю ў закрытым рэжыме. А за некалькі дзён да разгляду скаргі затрымалі адваката Сяргея Сацука.

Каля месяц таму стала вядома, што Сяргей мае вялікія праблемы з лекамі. У журналіста сардэчнае захворванне, і яму трэба штодзень раніцай і вечарам прымаць адмысловыя таблеткі. Блізкія журналіста паведамілі, што неабходныя лекі ў турму перадавалі, але іх чамусьці Сяргею не аддавалі.

– Зараз, дзякуй Богу, лекі нармальна даюць, – кажа Аляксандр Сацук, брат журналіста. – Усё, што мы яму перадалі, натуральна, на рукі не выдалі, але штодзень пэўную норму таблетак Сяргей атрымлівае. Таму зараз праблем з доступам да лекаў няма.

Якія яшчэ навіны ад брата?

– Наколькі вядома, цяпер ён знаходзіцца ў каранціне, хаця не выключаю, што ўжо маглі размеркаваць у атрад.

Некаторых вязняў вызваляюць ад працы ў калоніі, калі стан здароўя не дазваляе…

– Я лічу, што па стане здароўя Сяргей наогул не павінен знаходзіцца за кратамі. У брата два сур’ёзныя захворванні…  Наколькі вядома, гэта прапісана ў некаторых заканадаўчых дакументах. Іншая справа, як усё гэта прымяняецца на практыцы.

Пасля разгляду апеляцыі Вярхоўным судом Сяргей сустрэўся з блізкімі…

– Так, была сустрэча з жонкай. Зараз са спатканнямі, напэўна, могуць быць праблемы, бо Сяргея паставілі на прафілактычны ўлік, як схільнага да парушэнняў рэжыма. Многіх “палітычных” ставяць на такі ўлік. Таму не выключаю, што могуць быць абмежаванні і ў спатканнях, і з перадачамі.

Віктар ШПАК.