
Апошнімі днямі на дзяржаўных тэлеканалах каментатары актыўна тлумачылі, яім яно будзе – вяртанне на радзіму тых, хто з’ехаў з Беларусі, асцерагаючыся рэпрэсій і пераследу за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. І заахвочвалі не баяцца, звяртацца, вяртацца. Некаторых тэма так “натхніла”, што нават калегам давялося стрымліваць.
Так, у “Клубе рэдактараў” кіраўніца прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі “Мір”, старшыня “Беларускага саюза жанчын”, член “камісіі па вяртанні” Вольга Шпілеўская дагаварылася да таго, што тых, хто вернецца, трэба будзе вадзіць да публікі, нібы жывых малпачкаў.
“Як у члена камісіі, у мяне ўжо ёсць прапанова. Тых, хто будзе вяртацца, абавязкова трэба правесці праз калектывы, асабліва маладзёжныя. Каб гэтыя людзі нашай моладзі распавялі пра тое, куды іх клікалі, што ім прапаноўвалі, з якой рэальнасцю яны сутыкнуліся, і праз што яны прайшлі”, – распавяла Вольга Шпілеўская, маючы на ўвазе, што гэта будуць расповеды пра жахі жыцця на Захадзе.
Але кіраўнік таварыства “Веды” Вадзім Гігін хуценька скеміў, што гэта прапанова нават не пра “Дошкі ганьбы”, а пра туры па краіне з масавымі “ганьба-шоу”. Вось дык “заахвоціла” вяртацца! Логіка бландынкі!
І Гігін, апусціўшы вочы, паспяшаўся падправіць выступоўцу: “Тых, хто будзе гатоў прайсці праз гэта… Людзі ж розныя”.
“Патлумачу – чаму, – Вольга Шпілеўская са сваёй дзікаватай прапановай сама сабе падабалася і ўсё ж не магла супакоіцца. – Чым больш такіх людзей вернецца на сваю тэрыторыю, чым больш яны раскажуць сваіх рэальных гісторый, тым менш застанецца ў гэтых куратараў замежжа надзей нейкім чынам разлічваць на тое, што нашу ўнутраную сітуацыю можна разгойдаць.”
Тут ужо ўмешвацца давялося кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Івану Эйсманту, бо расповеды пра жахі жыцця на Захадзе ў наш час выглядаюць проста смешнымі. Дзякуй Богу, жывём не ў Савецкім Саюзе з зачыненымі для простага чалавека межамі і адзіным пастаўшчыком навін – праграмай “Время”. Сёння ўжо проста немагчыма пераканаць некага ў тым, што “рабочыя на захадзе пакутуюць ад капіталістаў, спяць пад мастамі, іх бязлітасна эксплуатуюць”. Вольга Шпілеўская гэтага не разумее? А вось Эйсмант адразу зразумеў.
– Мы не гаворым пра тое, што ў Германіі, Польшчы, Чэхіі ці Славакіі ўзровень жыцця ніжэй за наш, – звярнуўся да гледачоў Іван Эйсмант. – Мы гаворым пра тое, што замежнікі, асабліва адсюль, якія туды прыязджаюць, – ніхто, і не стануць нікім, калі не маюць нейкіх геніяльных здольнасцей.
Відавочна, што Іван Эйсмант гаварыў пра сябе і пра такіх, як сам. Узначаліць галоўную тэлерадыёкампанію ў Германіі ці, напрыклад, Чэхіі ў яго сапраўды шансаў нуль. Але вельмі спрэчна, што муляру ў Беларусі жывецца лепш, чым муляру ў Польшчы, ці, напрыклад, у Германіі. Ці электрыку… Ці трактарысту…
Але Радзіма гэта іншае: гэта дарагія месцы, сябры, сваякі, магілы продкаў… Да таго ж, многім з моладзі амаль без розніцы, дзе пачынаць з нуля – у Беларусі ці ў нейкай іншай краіне, з лепшымі перспектывамі на якасць жыцця. Вось толькі пасля 2020 года з Беларусі з’язджала не толькі моладзь, а людзі розных узростаў. І пачынаць з нуля пасля 50 гадоў гэта ўжо зусім іншая справа і фізічна, і псіхалагічна.
Але размова не пра гэта – размова пра тое, як чыноўнікі заахвочваюць людзей вярнуцца.
Указ аб стварэнні “камісіі па вяртанні” быў падпісаны з лейтматывам: “Хочаце – вяртайцеся, не – мяціце вуліцы ў Еўропе”. Праўда, член камісіі Юрый Васкрасенскі ў эфіры таго ж БТ удакладніў і беларускія перспектывы працаўладкавання для тых, хто вернецца.
Размова зайшла пра Дзяніса Дудзінскага – вядомага вядоўцу, акцёра, які дванаццаць сутак адсядзеў на Акрэсціна (хаця суд прысудзіў дзесяць) і з’ехаў з Беларусі.
– Ніякіх эфіраў весці ён не будзе! Калі дзяржава прыме рашэнні пра вяртанне, то ён будзе месці пляцоўку перад Белтэлерадыёкампаніяй, – паабяцаў Васкрасенскі.
Аказваецца, вось якая альтэрнатыва прапанавана – месці вуліцы ў Еўропе ці тое самае рабіць у Беларусі, дзе табе будуць плаціць менш, а прыніжаць больш?.. Так сабе “заахвоціў”, неяк езуіцкі “паклапаціўся” пра землякоў, вядомы сваёй сумніўнай пазіцыяй Ю.Васкрасенскі.
Карацей, заблыталася прапаганда, заблыталіся і юрысты.
Яны адзначаюць, што, па сутнасці, людзям прапанавана напісаць у камісію яўку з павіннай. Але па дзеючым Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксах у такіх выпадках прадугледжана прызначэнне пакарання, не больш за палову максімальнага тэрміна па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса. А які статус мае зварот у камісію? Фактычна ніякага – проста данос на самога сябе.
Ці яшчэ… Дапусцім, чалавеку адкажуць, што ў дачыненні да яго на дату звароту ў камісію няма пачатай адміністрацыйнай ці крымінальнай справы. А хто дасць гарантыю, што гэтая справа не будзе распачата на наступны ж дзень? Генеральны пракурор паабяцаў?.. Але тут усё залежыць ад таго, як чытаць яго словы ці як яго слухаць. Можна зразумець і так, што падобнае са згоды генпракурора ўсё ж такі можа адбыцца…
Ну і нарэшце галоўная праблема: калі пакаранні за паслявыбарныя падзеі не спыняюцца, калі асуджаныя застаюцца ў турмах, арыштаваныя – у ізалятарах рыхтуюцца да судоў, а пошук усіх датычных да пратэстных падзей у Беларусі працягваецца, то як з пункту гледжання юрыспрудэнцыі будзе выглядаць тое, што адным даруюць, а другіх караюць? Чым тыя, хто з’ехаў, лепшыя за тых, хто застаўся? Як гэта вяглядае з пункту гледжання справядлівасці і закона?..
Абсурдам выглядае! Прававым дзікунствам!
Прапаганда сцвярджае, што недзяржаўныя СМІ і апазіцыйныя лідары запалохваюць людзей, не хочуць, каб сітуацыя нармалізавалася, жарсці сціхлі, жадаючыя вярнуліся дадому, да сем’яў, да звычнага ладу жыцця. Але выглядае наадварот. Гэта яны запалохваюць – патрабуюць публічнага пакаяння, чакаюць “ганьба-шоу”, вымалёўваюць перспектыву месці вуліцы…
Гэта дзяржава запалохвае – бясконцымі судамі і арыштамі, якія не спыняюцца ў нашай краіне.
Цывілізаванае, усім зразумелае і справядлівае выйсце з сітуацыі адно – палітычная амністыя. Хто з’ехаў, хто не з’ехаў; хто ўжо арыштаваны, да каго праваахоўнікі яшчэ не прыйшлі, павінны ведаць, што старонка супрацьстаяння ў Беларусі перагорнутая. І што да таго, хто не здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні, прэтэнзій не будзе.
А пакуль гэтага не зроблена, старонка не перагорнутая. Супрацьстаянне працягваецца.
Ірына МАЛЬЦАВА.