Адна з самых важных падзей 2022 года гэта, безумоўна, прыняццё новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі. Аднак адразу ж узнікла пытанне, як чытаць, як разумець Асноўны закон? Бо з аднаго боку, у ім ёсць артыкул 18, які вызначае, што: “Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў”. А з другога боку, з Беларусі ва Украіну заходзілі расійскія войскі і вяліся абстрэлы тэрыторыі суседняй дзяржавы.

Ці нядаўні прыклад, калі прымаецца закон аб магчымасці пазбаўлення грамадзянства тых, хто з’ехаў з краіны, але абвінавачваецца па “экстрэмісцкіх” артыкулах Крымінальнага кодэкса. І ў той жа час ёсць артыкул 10 Канстытуцыі, ў якім запісана: “Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзян- ства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства”.

Нагадаю, што падчас рэферэндуму па Канстытуцыі чыноўнікі абяцалі даць магчымасць грамадзянам звяртацца ў Канстытуцыйны суд. Дык ці можам мы, беларусы, звярнуцца ў высокі суд, каб ён патлумачыў, як такое можа быць? Як чытаць і разумець палажэнні Канстытуцыі?

І наогул, ствараецца ўражанне, што нядаўна прынятая Канстытуцыя ў нас не дзейнічае.

Магілёў. Павел БЫКАЎ.

Нягледзячы на тое, што ў лютым будзе год, як прайшоў рэферэндум і наша краіна мае новую рэдакцыю Канстытуцыі, пакуль грамадзяне звяртацца ў Канстытуцыйны суд па-ранейшаму не могуць. Справа ў тым, што на прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з Асноўным законам адведзены два гады, і новы закон аб канстытуцыйным правасуддзі яшчэ не прыняты.

Але праект гэтага дакумента ўжо прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў, таму можна рабіць высновы, калі і па якіх пытаннях Канстытуцыйны суд будзе разглядаць скаргі людзей.

Згодна з законапраектам, з запытам аб тлумачэнні Канстытуцыі ў суд змогуць звяртацца толькі прэзідэнт, прэзідыум Усебеларускага народнага сходу, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд і Савет Міністраў. Так што грамадзяне і надалей не будуць мець права ініцыяваць у Канстытуцыйным судзе разгляд пытання аб тлумачэнні таго ці іншага артыкула Канстытуцыі.

Гэтаксама грамадзяне не змогуць ініцыяваць у Канстытуцыйным судзе разгляд пытання канстытуцыйнасці выбараў. Такое права ў законапраекце дадзена толькі прэзідыуму Усебеларускага народнага сходу. Ці, напрыклад, не можна будзе паскардзіцца суду на парушэнне Канстытуцыі прэзідэнтам. Дакладней, такія скаргі будуць пакінуты без разгляду, бо “прэзідэнцкае пытанне” на разгляд Канстытуцыйнага суда таксама зможа вынесці толькі прэзідыум Усебеларускага народнага сходу.

Што ж змогуць грамадзяне пасля таго, як законапраект будзе прыняты?

Грамадзянам даецца права звяртацца з канстытуцыйнымі скаргамі. Прычым толькі ў выпадках, калі ўсе іншыя сродкі судовай абароны вычарпаны, і пасля апошняй адмовы пераглядзець прыгавор ці рашэнне суда прайшло не больш аднаго года.

Да прыкладу: па крымінальных справах перш, чым можна будзе звяртацца ў Канстытуцыйны суд, павінна адбыцца паслядоўнае абскарджанне (у апеляцыйным, касацыйным і наглядным парадку) судовых пастаноў. І толькі пасля таго, як ужо суддзя Вярхоўнага суда адмовіў у перадачы нагляднай скаргі для разгляду ў судовым пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага суда, а старшыня Вярхоўнага суда (ці яго намеснікі) гэта падтрымалі; калі генеральны пракурор (або яго намеснікі) таксама адмовілі ў вынясенні нагляднага пратэсту, можна падаваць канстытуцыйную скаргу.

Прычым скардзіцца трэба не на прыгавор (рашэнне ці пастанову) суда, а на закон, які быў ужыты пры вынясенні гэтага рашэння. У выпадку, калі грамадзянін лічыць, што закон не адпавядае Канстытуцыі. І, як вы разумееце, цяжка сказаць, якім будзе эфект такога разгляду, улічваючы, што перад падпісаннем усе законы праходзяць экспертызу ў Канстытуцыйным судзе і па іх выносяца заключэнні на адпаведнасць Канстытуцыі.

Такім чынам, выглядае, што былі значна перабольшанымі абяцанні, якія шчодра раздаваліся беларусам напярэдадні рэферэндуму, наконт таго, што ў пошуках справядлівасці пасля ўнясення змен у Канстытуцыю мы зможам звяртацца ў Канстытуцыйны суд. Звяртацца сапраўды будзе можна, але ці знойдзем мы там справядлівасць?

Ганна ГАРДЫНЕЦ.

Публікацыя з № 104 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.