
Па ўсёй Беларусі зараз праходзяць сходы па вылучэнні дэлегатаў на з’езд па стварэнні партыі “Белая Русь”.
Алег Раманаў, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, на базе якога і ствараецца партыя, пахваліўся, што жадаючых у яе ўступіць ужо нават больш, чым трэба для рэгістрацыі.
Толькі што тут дзіўнага, чым тут хваліцца?
Калі з верхніх паверхаў улады дадзены загад, то выкананне яго будзе арганізавана так, як прадпрыемствы выконваюць прагнозныя паказчыкі. З задзейнічаннем усяго адміністрацыйнага рэсурса.
Здзіўляе іншае – штодня ідуць рапарты пра тое, як горача ўспрынята ініцыятыва па стварэнні партыі “Белая Русь” у грамадстве, з якім натхненнем і энтузіазмам людзі ставяцца да ініцыятывы па стварэнні партыі. Хаця мы ўсе памятаем, што яшчэ ўчора гэтыя самыя людзі пераконвалі: “Час для стварэння партыі не настаў”. А цяпер раптам дружна змянілі сваё меркаванне.
Але нават не гэта галоўнае.
Праграмы новай партыі ніхто не бачыў, яна яшчэ не друкавалася, не была прадстаўлена нават у асноўных тэзісах. Дык што так горача падтрымліваюць гэтыя людзі?
Адны кажуць, што падтрымліваюць стварэнне праўладнай партыі, бо яна Беларусі вельмі неабходна. Добра. Але беларуская ўлада сёння вядзе знешнюю палітыку, цалкам арыентаваную на Расію, а ўчора тыя ж прадстаўнікі ўлады гаварылі, што для развіцця нам, як паветра, патрэбна шматвектарная знешняя палітыка, ў тым ліку добрыя стасункі з самымі развітымі краінамі свету. Вы, будучыя партыйцы, за што? Ваша партыя будзе выступаць за што?
Іншыя кажуць, што “Белая Русь” будзе не праўладнай партыяй, а партыяй большасці. Гэта што азначае? Я, напрыклад, перакананы, што большасць беларусаў не хочуць, каб з нашай тэрыторыі абстрэльвалі Украіну, каб з нашай тэрыторыі пагражаді суседзям, каб у нашым небе ляталі расійскія ваенныя самалёты, нібы дражнячы краіны НАТА. Будучая партыя “Белая Русь” зможа адстойваць такую “пазіцыю большасці”? Ці хаця б адважыцца ініцыяваць сур’ёзнае, аб’ектыўнае вывучэнне грамадскай думкі па гэтых пытаннях?
Дарэчы, як высвятляецца, і назва “Белая Русь” – гэта пакуль рабочая назва, да 18 сакавіка – дня ўстаноўчага з’езда – можа, і перадумаюць.
Дык што ствараюць гэтыя людзі? Яны самі ведаюць?