
Былы міністр адукацыі, экс-намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў у сваёй кнізе “Рэктары” пераконвае, што кіраваць універсітэтамі павінны людзі з навуковай ступенню доктара навук. А вось апошняе прызначэнне на рэктарскія пасады.
Сяргей Каспяровіч стаў рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта. Ён былы чыноўнік, узначальваў Галоўнае упраўленне прафесійнай адукацыі ў Міністэрстве адукацыі. Кандыдат эканамічных навук.
Пасаду рэктара Гродзенскага аграрнага універсітэта заняў Валянцін Пяшко. У навучальнай установе ён чалавек не новы – працаваў на кафедры генетыкі сельгасжывёл. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Рэктарам Віцебскага медыцынскага універсітэта прызначаны Аляксей Чуканаў. Апошнія два гады ён узначальваў “Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі”, у якой раней з’яўляўся дэканам аднаго з факультэтаў. Кандыдат медыцынскіх навук.
Такім чынам, да парады свайго былога падначаленага Аляксандр Лукашэнка не прыслухаўся, хаця дактары навук у Беларусі, як вы разумееце, не скончыліся.
Дарэчы, адстаўленыя рэктары былі дактарамі навук, а Вітольд Песціс, які шмат гадоў узнчальваў Гродзенскі аграрны універсітэт, нават з’яўляецца акадэмікам НАН Беларусі.
Іван ШАЎЛЮК.
Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.