Для ЦЭ беларускія адзінаццацікласнікі выбралі пераважна рускую мову

Пра гэта паведаміў БелТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

«Для ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене зарэгістравана 53 316 чалавек. Большасць з іх — 41 776 школьнікаў — выбралі для выпрабаванняў рускую мову, 11 509 — беларускую. Экзамен стартуе па ўсёй краіне адначасова ў 11.00. Выпускнікі цэнтралізавана ў суправаджэнні педагогаў прыбудуць у пункты ЦЭ за гадзіну. Варыянты экзаменацыйных заданняў засакрэчаныя, яны будуць дастаўлены фельд’егерскай службай непасрэдна ў пункты здачы. Такіх па краіне налічваецца 144», — распавёў Юрый Міксюк.

Удзельнік ЦЭ, які не з’явіўся на выпрабаванне або вызвалены ад яго непасрэдна падчас экзамену па ўважлівых прычынах (захворванне або іншыя не залежныя ад навучэнца абставіны, пацверджаныя дакументальна), зможа здаць ЦЭ ў рэзервовыя дні ці іншыя тэрміны. Першы этап рэзервовых дзён адбудзецца 23 і 25 мая, другі этап запланаваны на 13 і 15 ліпеня, трэці — на 21 і 23 жніўня. Неабходна памятаць, што тыя, хто здае цэнтралізаваны экзамен у жніўні ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі ў ВНУ не змогуць, пайсці вучыцца можна будзе толькі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Інфармацыю аб выніках ЦЭ можна будзе атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Сертыфікат удзельніку выдадуць у яго ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі пад подпіс пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу.