Дарогі Валерыя Шкарубы

Валерый Шкаруба. Фота з адкрытых крыніц.
Валерый Шкаруба. Фота з адкрытых крыніц.

Учора ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася рэтраспектыўная выставы “Валерый Шкаруба. In Memoriam”.

Выстава прысвечана памяці і 65-годдзю з дня нараджэння Валерыя Шкарубы (1957–2020) – выбітнага беларускага мастака, творы якога добра вядомыя як у Беларусі, так і за яе межамі.

Шкаруба — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаурэат Дзяржаўнай прэміі. Ён працаваў у жанры пейзажнага жывапісу. Яго карціны адрозніваюцца высокім прафесіяналізмам выканання. Кожны твор мастака – гэта своеасаблівы гімн прыродзе Беларусі.

«Імкнуся пісаць тыпова беларускія пейзажы, якія немагчыма прывязаць да якога-небудзь месца, — гаварыў Шкаруба. — Каб гэта не збівала з панталыку тых, хто на іх глядзіць. Хаця досыць часта мастацтвазнаўцы спрабуюць выпытаць у мяне падрабязнасці стварэння таго ці іншага палатна. Я гэтага не люблю, бо, як толькі раскажу, гэта “загоніць” карціну ў пэўныя рамкі. Хачу, каб кожны знаходзіў у ёй нешта сваё. Вось прыходзяць людзі на выставы і кажуць: “Гэта ж у нас!” — Ім прыемна, і мне радасна.

Хочацца, каб тыя, хто глядзіць на мае карціны, уявілі людзей, якія прайшлі гэтымі шляхамі. Іх там даўно няма, няма слядоў, але калі ёсць дарога, то хтосьці абавязкова па ёй павінен ісці…»

Персанальныя выставы мастака, геаграфія якіх надзвычай шырокая, з поспехам праходзілі не толькі ў Беларусі, але і ў прэстыжных музеях і галерэях Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Кітая, Японіі.

На экспазіцыі ў музеі прадстаўлена каля 55 твораў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, АТТ “Пріорбанк”, а таксама сям’і мастака.

«Я пра свае работы расказваць не люблю. Ды і што казаць, калі можна паглядзець», — гаварыў Валерый Шкаруба.

Таму трэба ісці і глядзець.

Выстава будзе працаваць да 26 сакавіка.