“Дачка стала ў ЗША вельмі паспяховым хімікам”. Чаму Андрэй Мукавозчык не напісаў кнігу “Як адправіць дзяцей у ЗША?”

Андрэй Мукавозчык, аўтар кнігі
Андрэй Мукавозчык, аўтар кнігі "Чаму вучыць дзяцей?" на кніжнай выставе. Фота з сайта ctv.by.

Падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу небезвядомы праўладны прапагандыст Андрэй Мукавозчык прадставіў сваю новую кнігу “Чаму вучыць дзяцей”.

“Яго навінка з красамоўнай назвай заклікана дапамагчы ў першую чаргу выхавальнікам і выкладчыкам – усім тым, каму штодня даводзіцца працаваць з падрастаючым пакаленнем. Па сутнасці, “Чаму вучыць дзяцей” – гэта свайго роду метадычны дапаможнік, у якім аўтар спрабуе навучыць дарослых, як сеяць разумнае, добрае, вечнае. Больш за тое, Андрэй Мікалаевіч гатовы даць адкрыты ўрок усім жадаючым!”, напісала газета “СБ: Беларусь сегодня”.

Сам Мукавозчык патлумачыў ідэю кнігі так: “Калі ўсім нам, беларусам, даводзіцца зноў і зноў спрабаваць адказваць на пытанне «чаму вучыць дзяцей?», то настаўнікам няма калі чакаць адказаў. Ім трэба вучыць. Канкрэтна і кожны дзень. Таму хочацца дапамагчы. Падставіць плячо”.

З аднаго боку, Мукавозчык – бацька чатырох дзяцей, таму сапраўды мае досвед у гэтым пытанні. Але з іншага…

Вось што сам Андрэй Мукавозчык расказваў пра сваіх дзяцей у інтэрв’ю на БТ:

– У мяне двое дарослых дзяцей і двое зусім малых (ад розных шлюбаў. – Аўт.). Вось тым, дарослым, дзецям, шчыра кажучы, я моцна не дадаў. Як і ўсе маладыя бацькі, бо малады бацька проста не разумее… Гэта шкадаванне пра тое, чаго не вернеш. І стараюся сваім малым дзецям даць усё, што яны павінны ад мяне атрымаць, ды і яшчэ крышачку… 

– А ці атрымліваецца адмяжоўваць іх ад сённяшняга негатыўнага “парадку дня”?

– З большага. А па дробязях – гэта жыццё. Дзеці павінны «удариться», каб быць крапчэйшымі і разумнейшымі.

– А што кажуць дарослыя дзеці? Якая ў іх пазіцыя?

Мукавочык звычайна слоў не шукае, а тут на некаторы час задумаўся над адказам.

– Адзін – нейтральны, ён увесь у сваёй музыцы, яму не да таго. А другая, старэйшая дачка, яна мяне вельмі падтрымлівае.

Хто вырасце з малых дзяцей Муквозчыка, яшчэ паглядзім, час пакажа – дасць Бог, добрыя людзі. Але пра сваіх дарослых дзяцей Мукавозчык вельмі важную акалічнасць не раскрыў.

Затое ў свой час у адным з інтэрв’ю пра гэта распавёў палітолаг, эксперт цяпер ужо закрытага Незалежнага інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў Сяргей Нікалюк. Справа ў тым, што Нікалюк і Мукавозчык у свой час былі сваякамі.

– Мы перасякаліся з даволі вядомым Андрэем Мукавозчыкам. Я вам больш скажу: мы былі жанатымі на сёстрах. Першая жонка Мукавозчыка – родная сястра маёй першай жонкі. Цяпер яго былая жонка жыве ў Амерыцы, у 50 гадоў скончыла Гарвард, а дачка Мукавозчыка Машанька стала ў ЗША вельмі паспяховым хімікам, – распавядаў Нікалюк.

Вось такі паварот…

Таму не выключана, што нянавісць Мукавозчыка да ЗША зусім не з палітыкай звязаная. Былая жонка кінула тут усё, з’ехала ў Амерыку, скончыла адзін з лепшых універсітэтаў свету… А ён цяпер увогуле невыязны на Захад, пад санкцыямі… Так што, не выключана, што гэта нянавісць мае асабістыя прычыны.

Ну а што тычыцца дачкі… Чаму б і не падтрымліваць бацьку, жывучы ў ЗША? Ёй жа не даводзіцца штодня сутыкацца з беларускай рэчаіснасцю. А калі патрыётка, калі ў Беларусі ёй усё так падабаеццца, калі цалкам на баку бацькі, то няхай бы вярталася і падымала беларускую навуку.

Адным словам, на сваім асабістым досведзе Мукавозчык пакуль мог напісаць хіба што кнігу “Як адправіць дзяцей у ЗША”, але ён у нас такі “майстар слова”, што і вавёрку павучыць арэхі грызці…

Сяргей ПРАЎДЗІН.