
Калі хто не заўважыў, у Беларусі пачалася падрыхтоўка да будучых выбараў. З “актывам”, які, як няцяжка здагадацца, складзе аснову выбарчых камісій, ужо праводзіцца навучанне працы па новым законадаўстве. Цэнтрвыбаркам распрацоўвае алгарытмы дзеянняў выбаркамаў у новых умовах.
Да 1 кастрычніка Цэнтральная выбарчая камісія вызначыцца з акругамі па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і да 1 лістапада сфарміруе акругі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Нагадаем, што цяпер у Беларусі ўведзены адзіны дзень галасавання, так што 25 лютага 2024 года мы адначасова будзем выбіраць дэпутатаў усіх узроўняў.
– Адзіны дзень галасавання будзе праходзіць як звычайна – трэба будзе прыйсці на выбарчыя ўчасткі, атрымаць бюлетэнь, прагаласаваць, – паведаміў старшыня ЦВК Ігар Карпенка. – Адзінае адрозненне, што ў Мінску выбаршчыкі будуць атрымліваць два бюлетэні па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, а ў сельскай мясцовасці грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, атрымаюць 4 бюлетэні: па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, абласнога Савета, раённага Савета і сельскага альбо пасялковага Савета.
Таксама зменіцца час правядзення датэрміновага галасавання – не будзе перапынку на абед, – яно будзе праходзіць з 12.00 да 19.00, але ў тыя ж дні, як і звычайна праходзіла да правядзення адзінага дня галасавання.
ТЫМ ЧАСАМ…
Да выбараў пачалі рыхтавацца і партыі.
Цікава, што на нядаўнім пленуме ЦК Партыі камуністаў беларускай другі сакратар Сяргей Саранкоў у сваім дакладзе адной з задач на час выбараў назваў – “абарону вынікаў галасавання”.
Цікава, як і ад каго? І ці не адкрыты гэта намёк на тое, што на выбарчых участках падчас падліку галасоў не павінна быць масавых фальсіфікацый?