
Урад вызначыў пералік населеных пунктаў і садаводчых таварыстваў, у якіх зямельныя ўчасткі не могуць быць перададзены ў прыватную ўласнасць.
Катэгорыі зямельных участкаў, якія ў Беларусі забаронена перадаваць у прыватную ўласнасць, устаноўлены артыкулам 13 Кодэкса аб зямлі. Як вядома, гэта землі ляснога і воднага фондаў, землі сельгаспрызначэння, землі пад дарогамі і так далей.
У ліку іншых не падлягаюць прадастаўленню ў прыватную ўласнасць зямельныя ўчасткі на плошчах, дзе залягаюць разведаныя радовішчы карысных выкапняў. Пералік населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў, размешчаных на такіх плошчах, упаўнаважаны зацвярджаць Саўмін. Днямі ўрад зацвердзіў новы пералік такіх паселішчаў.
Населеныя пункты і садаводчыя таварыствы, якія ўвайшлі ў пералік, размеркаваны па абласцях, раёнах і сельсаветах. Калі глядзець па абласцях, то больш за ўсё тэрыторый, у межах якіх зямельныя ўчасткі недаступныя для перадачы ў прыватную ўласнасць, у Мінскай вобласці (191 населены пункт, з іх значная частка – у Любанскім і Салігорскім раёнах) і Гомельскай абласцях (больш за 140 населеных пунктаў, больш за ўсё – у Кастрычніцкім і Петрыкаўскім раёнах, і 30 садовых таварстваў). Па астатніх абласцях карціна такая:
Брэсцкая вобласць – 6 населеных пунктах і 7 садовых таварыстваў;
Віцебская вобласць –11 садовых таварыстваў;
Гродзенская вобласць – 5 населеных пунктаў і 24 садовых таварыстваў;
Магілёўская вобласць –12 населеных пунктаў.
Забарона на перадачу ўключаных у пералік участкаў у прыватную ўласнасць тычыцца як бізнес-структур, так і грамадзян.
Дакладны пералік паселішчаў, дзе зямля не можа быць перададзена ў прыватную ўласнасць, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет партале Pravo.by.
Ігар МАРОЗАЎ.