“Д’ябал баіцца любові”

Экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі Рымска-Каталіцкай царквы ксёндз Мікалай Ціхановіч.

Верым мы ў гэта ці не верым, але такое ёсць: сярод святароў хрысціянскіх канфесій (як каталіцкіх, так і праваслаўных) асаблівае служэнне маюць экзарцысты. Гэта тыя, каму дазволена чытаць спецыяльныя малітвы над ашалелымі, эпілептыкамі і падобнымі хворымі. У народзе пра іх кажуць — “святары, якія выганяюць д’ябла”.

Экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі Рымска-Каталіцкай царквы ксёндз Мікалай Ціхановіч, доктар багаслоўя, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім – адзін з такіх.

Колькі гадоў вы з’яўляецеся экзарцыстам?

Мяне прызначыў у 2019 годзе епіскап Віцебскі Алег Буткевіч. Так што ўвосень будзе чатыры гады.

— Хачу запытацца пра ролю слова… Наколькі больш востра вы пачалі адчуваць сілу слова пасля таго, як сталі экзарцыстам?

Першае, што мяне ўразіла, калі меў вопыт маніфестацыі д’ябла падчас экзарцызму, гэта рэакцыя на слова Божае. Я чытаў Евангелле ад Яна. Як раз вось гэтыя словы —“Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу”. І была рэакцыя дэмана – “Змоўкні!”

Добра памятаю гэты момант, калі мяне, як моладзь кажа, “прашыбла” такая рэакцыя з верху да нізу. Дрыжыкі па целе ад таго, як д’ябал адрэагаваў на слова Божае.

Мы, святары, звыкліся: чытаем Евангелле, пастаянна з Бібліяй, прапаведуем – і неяк заціраецца слова Божае. Але ў той момант я сам па-чалавечы здрыгануўся, бо зразумеў, якую аграмадную сілу мае слова Пісання. І калі ў малітвах экзарцыста размова ідзе ўжо пра маніфестацыю (бо ёсць розныя малітвы), у 80 працэнтаў выпадкаў д’ябал рэагуе вельмі агрэсіўна.

Зараз паўсюль можна пачуць брыдкаслоўе… Ці гэта ад “бесаў”?

Канешне, 150 працэнтаў! Таму што брыдкаслоўе гэта, па сутнасці, праклёны. І дэманы, дарэчы, калі праклінаюць, таксама мацюкаюцца, як людзі.

Я з дзяцінства разумеў, што брыдкасловіць нельга: мама вучыла, у маёй сям’і гэта было непрымальна. Але глыбіні гэтай забароны я не разумеў. І калі цяпер чую гэткія словы з вуснаў ашалелага чалавека і разумею, што гэта ўжо не ён гаворыць, то толькі пераконваюся ў правільнасці табу.

Гэта першае. Па-другое – я бачу наступствы. Я масава адмольваю людзей, якія атрымалі траўмы (псіхалагічныя, духоўныя) ў дзяцінстве, калі тата ці маці мацюкаліся на іх, абзывалі, прыніжалі. І гэта глыбокія раны, бо слова чалавечае мае сілу.

Я і раней чуў пра тое, што “бесы” мацюкаюцца. Вы пацвярджаеце?

Так.

Вы носіце вельмі кароткую столу (шырокая шаўковая лента на шыі святара, з вышытымі крыжамі, звычайна каля двух метраў у даўжыню, — Заўв.). У гэтым ёсць нейкі сэнс?

Ёсць. Бо меў горкі вопыт.

Звычайна ў святароў стола да каленяў. Помню, узяў самую доўгую, самую прыгожую і ўрачыстую… Стаяў з крыжам, маліўся. Але за секунду, проста за імгненне дэман з цела чалавека схапіў яе і заматаў тры разы. Я ў шоку! Падскочылі памочнікі, якія былі падчас экзарцызму, пачалі ратаваць дзяўчыну, якую гэтай столай ледзь не задушыла. За секунду!..

Дарэчы, падобнае было не адзін раз.

З таго часу мая стола караценькая і сам я станаўлюся падалей. Не ведаю, як іншыя экзарцысты, а я вырашыў так.

У сувязі з гэтым: нястрашна быць экзарцыстам? Я чуў, што святары стараюцца адмовіцца ад такой місіі.

Шмат хто задае мне гэта пытанне. Сапраўды, пагрозы ідуць не толькі ад ашалелага чалавека, за якога ты молішся. Але могуць быць нейкія СМС-кі, тэлефонныя званкі з нейкімі рыкамі-крыкамі, праклёнамі.

Таму я адказваю: “Страшна”. Па-чалавечы – страшна, бо я разумею, што ўваходжу ў свет духаў. Яны разумнейшыя за нас, людзей, могуць што заўгодна падстроіць, абхітрыць. Але, як кажа апостал Ян, у любові страху няма. Калі я люблю Бога, прыняў волю Пана – пакліканне служыць экзарцыстам, калі я бачу чалавека, які пакутуе, то стаўлюся да яго як да чалавека, што апынуўся ў страшнай сітуацыі, пакутуе ад д’ябла. Выказваючы любоў да такога чалавека, я раздражняю гэтым дэманаў. Не аднойчы чуў ад іх: “Кінь! Яна табе ніхто! Ён табе ніхто!” Але яна ці ён — мае духоўныя дзеці.

Так што любоў да Бога і да чалавека дае ўнутраныя сілы. Аднак па-чалавечы — страшна.

Мой досвед экзарцыста зусім невялікі, у параўнанні з тымі, хто служыць па 15—20 гадоў. І кожны раз, калі пачынаецца маніфестацыя д’ябла – выяўленне д’ябальскіх сіл, нават калі знешніх праяў гэтага няма — адчуваю дрыжыкі па целе, мяне прабірае такое: “Уф!” Страх…

А ён чаго баіцца? 

Першае – перакананы на сто працэнтаў – любові. Таму што Бог ёсць любоў.

Можна сказаць, што калі ў сям’і каханне паміж сужэнцамі, любоў да дзяцей, то яму складаней?

Так, у яго праблемы. Будзе шукаць нейкія пралазіны, але ў яго вялікія праблемы.

Што гэта за спосабы?

Перш за ўсё гэта духоўная спадчына чалавека. Я гэта назіраю, Госпад паказвае мне менавіта такі досвед, пра які я нідзе не чытаў, пра што мяне не вучылі ні ў семінарыі, ні ва ўніверсітэце (я скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт).

Маецца на ўвазе – чалавеку адгукаецца тое, што рабілі нашы таты, мамы, бабулі, дзядулі…

Так. І я сутыкаўся нават з пятым-шостым каленам роднасці. Выходзілі самыя розныя тэмы – варажба, праклёны, магія… Я нават правіла вывеў: калі ёсць нейкія праблемы з магіяй, то глядзі трэцяе-чацвёртае калена – нехта быў ў гэта ўвязаны. І калі не пакаяўся, то будзе ўплываць на нашчадкаў.

Яшчэ адназначна ўплываюць аборты. Наступствы аборту — гэта адчыненыя дзверы для духа смерці – усяго, што не звязана з натуральнай смерцю чалавека.

Што такое натуральная смерць? Гэта старасць. Я падазраю, што калі ў пакаленнях сям’і назіраецца смерць у маладым узросце, то таксама ёсць нейкая д’ябальская прычына. Забойствы, самазабойствы, трагічныя смерці – на мой погляд, гэта нейкія маніпуляцыі духаў смерці.

Як часта мы маем справу з “беснаватасцю”, а калі – з псіхічнымі захворваннямі?

У мяне невялікі вопыт, таму цяжка сказаць. Але ў маёй практыцы ўжо былі выпадкі трох відаў: у тым ліку калі чалавек мае абедзве праблемы – і псіхічнае захворванне, і апантаны д’яблам. Іншымі словамі, бывае, што сур’ёзныя духоўныя праблемы ў выніку прыводзяць чалавека да псіхічнага захворвання.

Але, у асноўным, калі размова пра ашалеласць, то такога чалавека адразу ніколі не распазнаеш.

Інакш кажучы, калі мы бачым, што чалавек паводзіць сябе як псіхічна хворы, то, хутчэй за ўсё, ён і ёсць псіхічна хворы?

Правільна. Прабачце за параўнанне, але “беснаватых” мы часам можам убачыць на тэлеэкране – у пінжаку, сядзіць дзе-небудзь у парламенце, не кожны і зразумее.

Пра галівудскіх зорак часам казалі, што яны прадалі душу д’яблу. Такое ёсць?

Ёсць. Як сказана ў Евангелле, “па плодзе дрэва пазнаецца”. І не выпадкова жыццё многіх “зорак”, вядомых і папулярных людзей, заканчваецца жудасна. Гэта расплата.

Калі я яшчэ не быў экзарцыстам, то чытаў Аморта (адзін з самых вядомых экзарцыстаў каталіцкай царквы, былы экзарцыст Рымскай дыяцэзіі, — Заўв.). Яшчэ 25 гадоў таму ён гаварыў у інтэрв’ю, што ашалеласць – гэта рэдкія выпадкі. Але ў маёй асабістай невялікай практыцы ўжо падбіраецца пад дзясятак такіх прыкладаў. І гэта людзі рознага ўзросту, у тым ліку – дзеці. Вы запытаецеся, што ж такога маглі зрабіць дзеці? А ўсё ад сям’і. Чалавек не сам па сабе жыве, сям’я — гэта падабенства Троіцы, вобраз Божы ў нас. Таму ў сям’і – пачатак усяго.

Вы заўсёды носіце з сабой незвычайны крыж…

Гэта крыж святога Бенедыкта, яго носяць усе экзарцысты. Для мяне ён нават нейкі знак паклікання. Бо я быў яшчэ зусім маладым ксяндзом, калі адзін харызматычны польскі святар, божы чалавек, падарыў мне менавіта яго са словамі: “Змагайся са злом”. І гэты крыж са мной ужо дваццаць гадоў. Хаця і падумаць не мог, што некалі гэты крыж сапраўды стане крыжам экзарцыста. Ён у мяне ўжо не аднойчы развальваўся (дэманы яго разбіралі). І свой першы фінгал ад дэманаў я атрымаў таксама гэтым крыжам: я ім дабраслаўляў, заблізка падышоў да ашалелага – і атрымаў удар кулаком у адказ. Так што хадзіў з фінгалам, але дзякаваў Богу, што першы ўдар па твары атрымаў за малітву, за добрую справу.

Мы гаварылі пра сувязь дзіцяці са сваёй сям’ёй. А ваша сям’я ў пакліканні дапамагла ці не спрыяла?

Неяк напалову… Па лініі маці мая бабуля была зацятая каталічка. Дзякуючы ёй, я пайшоў на першую споведзь. Яна мяне агітавала, казала: “Ты нейкі бальшавік удаўся…”

Я быў малодшым у сям’і (нас трое дзяцей – з сястрой розніца сем гадоў, з братам — пяць), савецкай школай, камунізмам прасякнуты, адказваў: “Бабуля, Бога няма, што ты чэпішся?” Але яна настойвала: “Ты – малы-дурны, усё потым зразумееш. Рабі, што кажу”.

Так што бабуля нас і да хрышчэння прывяла, і да першай споведзі. Хаця мама першапачаткова не была досыць веруючай.

Я родам з Юрацішак (гэта Іўеўскі раён). Касцёла там тады не было, бо у 50-я гады бальшавікі яго разабралі і пабудавалі клуб. Бліжэйшы касцёл знаходзіўся ў сямі кіламетрах ад нас, а ў Юрацішках — толькі праваслаўная царква. Помню, мама мяне малога ў яе вадзіла, таму што наша сям’я мешаная, і дзед праваслаўны. Памятаю старога бацюшку, 90-гадовага, мы доўга яго чакалі, ён доўга-доўга выходзіў з-за царскай брамы… Мне было так сумна, я і на падлогу ў царкве садзіўся, ўставаў, і хадзіў… Вось такія ўспаміны.

І касцёла ў нас не было. На першую споведзь я ездзіў за чатырнаццаць кіламетраў, у Іўе. Шчыра кажучы — па прымусу бабулі, проста, каб яе супакоіць, каб адчапілася.

Так што не было ў мяне нейкага рэлігійнага асяроддзя, і маё пакліканне да веры гэта асобная тэма. Мама, як сказаў, не была практыкуючай каталічкай, тата не быў атэістам, але і веруючым не быў. У яго вышэйшая адукацыя, ён быў музыкантам, да рэлігіі ніяк не ставіўся. Святы мы адзначалі толькі з падачы бабулі: каляды, Вялікдзень, чырвоныя яйкі, — тым і абмяжоўвалася. Да таго ж, мае бацькі разышліся, тата пакінуў сям’ю, калі мне было сем-восем гадоў. Так што рос я без бацькі. І ўвогуле паміж маімі бацькамі былі складаныя адносіны, бо ў таты была алкагольная залежнасць. Мае дзіцячыя ўспаміны не вельмі шчаслівыя.

Але зараз вы ўзначальваеце вялікую парафію, да вас звяртаюцца “ойча”… Як вы асэнсавалі такое сваё “бацькоўства”?

Як асоба я “даспяваў” ужо будучы святаром, доўгія гады. Усе мае комплексы, мае праблемы заставаліся са мной. Не скажу, што з’яўляўся дрэнным святаром, але быў як быў. Больш — святаром правілаў: тое трэба зрабіць, гэта, каб усё было ясна, дакладна… Але Госпад даў мне некаторыя знакі, што трэба разабрацца з сабою. І гэты працэс дарастання да духоўнага бацькоўства быў няпростым. Але ў выніку я прымірыўся са сваім бацькам, перажыў вопыт даравання, і тады ўва мне – менавіта з гэтай кропкі адліку – пачало нешта нараджацца.

Так што як бы ў вас ні склаліся адносіны з бацькамі, якіх праблем з імі вы не перажылі – аднак галоўнае, што бацькі ў вас былі. Да мяне звяртаюцца розныя людзі (не толькі ашалелыя, не толькі тыя, каго “бесы” водзяць). І ў большасці выпадкаў прычынай праблем з’яўляецца менавіта праблема бацькоўства. Якраз зразумеў гэта, калі стаў экзарцыстам, Госпад даў мне перажыць такі досвед, калі я змагаўся за жыццё і душу маёй першай духоўнай дачкі.

Друкуецца са скарачэннямі, поўны тэкст відэа размешчаны на Youtubе-канале магілёўскага дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы».