“Цукру няма ўжо месяц”. Ці не паехаць Наталлі Качанавай ва Ушачы?

На пасяджэнні Мінгарвыканкама  старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава раскрытыкавала сталічны гандаль. Як перадае БЕЛТА, паводле агучанай інфармацыі, індэкс спажывецкіх цэн у Мінску ніжэйшы, чым у іншых рэгіёнах. Але разам з тым асартыментны пералік нашмат горшы. «Я вас запэўніваю: справа так не пойдзе. І асартыментны пералік будзе строга адсочвацца. Сёння ў Мінску павінны быць прадстаўлены лепшыя гандлёвыя сеткі. І не 48 працэнтаў айчынных тавараў павінна быць, а 70 працэнтаў. Пакінем крытычны імпарт, а астатняе ўсё павінна быць сваё – і харчовыя, і нехарчовыя тавары»,  – даводзіла чыноўнікам Качанава.

Цікава, што б яна казала пра асартымент, калі б праводзіла аналагічнае пасяджэнне ва Ушацкім раёне, дзе журналісты мясцовай раёнкі праверылі на асартымент стацыянарныя гандлёвыя кропкі мясцовага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. І вось што ўбачылі.

– Без праблем паступае ўласная прадукцыя Ушацкага філіяла, – расказала прадавец магазіна вёскі Сарочына Юлія Аўтух. –  За клёцкамі заязджаюць гараджане, многія любяць выключна ўшацкія пельмені і галубцы, а калі ў раёне старшыня Віцебскага аблспажыўтаварыства Таццяна Аляксандраўна Назарава, то абавязкова набывае нашы кексы з разынкамі. А вось асартымент малочкі невялікі, на сёння толькі “Лепелька”. Цукру няма ўжо месяц, замест яго муку паставілі такой ж кілаграмовай расфасоўкі. І калі я раней напрамую заказвала кандытарку, розныя дробязі, каб насыціць асартымент і павялічыць тавараабарот, то зараз на тым канцы проваду таксама выслухаюць, а потым паглядзяць, што даўгі, і зразумела, не прывозяць. Шкада, што наробленае гадамі так хутка знікае.

У Арэхаўне сустрэлі паўпустыя мясныя паліцы, невялікі выбар напіткаў. Толькі завітаўшая наведвальніца аптымістычна зазначыла, што ўсё добра, не бачыць бы толькі горшага.

Не так пазітыўна былі настроены пакупнікі ў Вяркудах. “Самага ж неабходнага няма – сшыткаў, губак для мыцця посуду, чатыры ўпакоўкі цукру імгненна раскупілі. Хоць у нас у аграгарадку яшчэ некалькі прыватных крам, тым не менш у магазін філіяла заходзім пастаянна, бо многія тавары тут танней”, – расказала Тамара Мядзведская.

У Дубраўцы пакупніцы ні на што не скардзіліся, хаця выбар каўбас жадаў быць лепшым. Шмат кандытарскіх вырабаў уласнай вытворчасці. Абсалютна свежы хлеб, нават два ўчарашнія боханы лёгка зміналіся і вярталі форму. Апетытныя батоны, шмат пячэння. Наогул літаральна ва ўсіх узгаданых магазінах не аказалася чэрствых хлебабулачных вырабаў, што вельмі парадавала. “Толькі і яны з’явяцца, калі ўсё менш пакупнікоў будзе завітваць у магазіны Ушацкага філіяла”, – канстатуе мясцовая раёнка.

Дык ці не паехаць Наталлі Качанавай ва Ушачы, каб разабрацца, чаму ў мясцовых крамах нават з цукрам дэфіцыт, хаця ў краіне яго, дзякуй богу, – хоць захлыніся. Таму не зразумела, што мелася на ўвазе, калі на пасяджэнні Мінгарвыканкама было канстатавана, што ў сталіцы “асартыментны пералік нашмат горшы”, чым у іншых рэгіёнах.  Ва Ушачах лепшы, бо там хоць шмат чаго няма, але тое, што ёсць, на 100 працэнтаў сваё, беларускае?..

Ганна ГАРДЫНЕЦ.