
У Драгічынскім раёне суд пазбавіў бацькоўскіх правоў 22-гадовую маці. Каб прымусіць плаціць аліменты былога мужа, які цяпер жыве за мяжой, яна здзекавалася з дзіцёнка, а ролік выклала ў інтэрнэт.
Ад жонак, ад сваіх дзяцей
Мужчыны падаюцца ў прочкі,
І да Феміды ўсё часцей
Прыходзяць маці-адзіночкі,
Каб ім Феміда памагла
І аліменты спаганяла.
Вось толькі “малака з казла”
Няма зусім ці вельмі мала:
Хоць у “былога” ёсць мільён,
Не дасць ён лішняе капейкі…
А гэты з’ехаў за кардон:
Напэўна, спадзяваўся ён,
Што лепш пацешаць еўрапейкі,
Яго адораць пачуццём.
Ну, словам, ён не прагадае.
І засталася тут з дзіцём
Былая жонка маладая.
Дзіця – амаль што немаўля,
Але карміць таксама трэба,
Ад бацькі ж грошай – ні рубля.
Дый як самой пражыць без хлеба?
Другая маці жылы рве,
Надзей не маючы на Бога,
А ў гэтай – думка ў галаве,
Як раскашэліць ёй “былога”.
Яна сама, лічы, дзіця,
І для яе дзіця – як цацка.
Дык хай для іхняга жыцця
Шчыруе муж былы і бацька.
(Нічога супраць не скажу –
Бацькі дзяцей карміць павінны.)
Аднак жа бацька за мяжу
Уцёк з тутэйшае краіны,
Там не дастане злыдня суд.
І вось што выдумала жонка:
“Стрываць не зможа ён пакут
Свайго адзінага дзіцёнка.
У Сетку выкладу! Калі
Пабачыць гэтыя пакуты,
Дык мецьму нават не рублі –
Не пашкадуе ён валюты!”
Што вытварала – проста жах…
Навек дзіця забралі ў маці.
І толькі мо ў яе вушах
Стаяцьме доўга крык дзіцяці…
* * *
Для маці, мусібыць, бяда,
Яна ў жыцці спазнала драму,
Але чамусьці не шкада
Мне, далібог, такую маму:
Паплача, можа быць, траха
І спланавана ці знянацку
Набудзе зноўку жаніха
І будзе мець другую “цацку”…
І рагоў не адчувае
– Цяжкая вельмі ў мужа праца, –
Сяброўцы пудрыла мазгі. –
Таму я змушана ўвіхацца –
Пяку штодзённа пірагі.
Але ў яго такая стома,
Што нават не да пірагоў:
Не адчувае бедны дома
Ні рук, ні ног і ні рагоў…
Дэвіз выпівакі
Хоць прыпаўзаў дадому ракам,
Ды напісаў дэвіз над столікам:
«Лепш быць вядомым выпівакам,
Чым ананімным алкаголікам!»
Найлепшае шчасце
Сказаў мне знаёмы яўрэй
(Бадай, не прыдумаць мудрэй):
– Найлепшае шчасце на свеце,
Калі ў вас здаровыя дзеці,
Адзеты-абуты, вядома,
І ўжо іх нямашака дома…
Быццам праклялі…
Быў у аптэцы. Закупіўся там.
Збянтэжыўся на выхадзе, калі
Сказалі мне:
– Часцей заходзьце к нам!
Хоць ветліва, ды быццам праклялі…
Даўжок
Размову пра даўжок завёў:
– Ты мне павінны сто рублёў.
Ці помніш гэта, ахламон?
– Я помніцьму да скону дзён!
Непатапляльныя
Гэтакіх праблем не меў ніколі –
Наляцелі, быццам груганы.
Іх рашыў тапіць у алкаголі.
Ды, паскуды, плаваюць яны…
Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.