Ці заслугоўваюць “Зубры” мільёнаў долараў?

Фота з адкрытых крыніц.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, хакейнае мінскае “Дынама”, якое выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе, выдаткоўвае на заробкі хакеістам 4,6 мільёна долараў.

“Спорт-Экспресс” апублікаваў бюджэты на заробкі клубаў КХЛ. Па звестках выдання, плацёжка “Зуброў” складае 325 мільёнаў расійскіх рублёў (прыкладна 4,6 мільёна долараў).

Трэба адзначыць, што ў гэтым сезоне бюджэт на заробкі абмежаваны 900 мільёнамі рублёў (12,8 мільёна долараў). Мінімальна дазволеная сума – 4,5 мільёна долараў (без уліку дадатковых прэміяльных хакеістам).

З аднаго боку, мінскае “Дынама” ў параўнанні з іншымі клубамі мае, можна сказаць, амаль мінімальны бюджэт на выплату заробкаў, а з іншага – толку з гэтага хакейнага праекта пакуль як з казла малака. Тым больш што мільёны долараў клуб зарабляе не сам, а спонсарамі выступаюць дзяржаўныя прадпрыемствы ці камерцыйныя ўстановы, якія часам проста не могуць адмовіць прыбліжаным да ўлады лабістам гэтага нікчэмнага праекта.

Нагадаем, што за ўвесь час выступлення “Дынама” у КХЛ, самае вялікае дасягненне клуба – выхад у плэй-оф, дзе каманда з трэскам вылятала на першай жа стадыі.

Зараз “Зубры” таксама змагаюцца за выхад у плэй-оф, напрыканцы месяца стане вядома, ці працягнуць яны барацьбу далей. Калі хутка праляцяць, то ізноў будуць шукаць мільёны долараў на наступны сезон.

Падаецца, што гэта песня будзе вечнай. Прынамсі, пакуль што ніхто не задаецца пытаннем: ці апраўдвае мэта патрачаныя сродкі?