Ці заедзе ў Мінск кітайскі спецпасланнік?

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік лічыць неабходным садзейнічаць прасоўванню мірнага плана Кітая па Украіне. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў у Маскве пасля перагавораў са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.

Хаця, шчыра кажучы, мала хто толкам разумее гэты план. У той жа час першым пунктам у абнародванай КНР пазіцыі па расійска-украінскім канфлікце (так яны называюць) ідзе тэзіс пра прызнанне тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў. І, зразумела, увесь свет за такі падыход: Расія выводзіць войскі на межы 1991 года (а менавіта ў такіх межах Україна як дзяржава прызнана ў ААН) і можна абмяркоўваць усё наступнае. Ясна, што Расія на такое не згодна.

У любым выпадку, КНР прызначыла свайго спецпрадстаўніка па гэтым пытанні, і Лі Хуэй ужо праводзіць перамовы ў Кіеве.

«Мы са свайго боку таксама будзем уважліва сачыць за гэтым працэсам, за прасоўваннем гэтай ініцыятывы, за перагаворамі кітайскага спецпрадстаўніка ў Расіі, ва Украіне», — дадаў кіраўнік беларускага МЗС.

Сяргей Алейнік адзначыў, што Лі Хуэй таксама плануе наведаць Францыю, Германію і Польшчу. «Спадзяемся, што на нейкім этапе ён заедзе і ў Беларусь. Таму што Беларусь заўсёды была і застаецца пляцоўкай для мірных перагавораў. На тэрыторыі Беларусі прайшло мноства раўндаў, пачынаючы ад мінскіх пагадненняў і заканчваючы тымі перагаворамі, якія былі арганізаваныя летась, — тры раўнды расійска-ўкраінскіх перагавораў. Мы са свайго боку будзем вельмі ўважліва за гэтым працэсам сачыць. І, натуральна, будзем разлічваць, што нашы інтарэсы ў гэтым перагаворным працэсе як сумежнай краіны, краіны, якая на ўсіх этапах удзельнічала ў мірных перагаворах, звязаных з урэгуляваннем канфлікту ва Украіне, будуць таксама ўлічаныя», — заявіў міністр.

Пакуль візіт Лі Хуэя ў Мінск не анансаваўся. Хаця ясна, што пры абмеркаванні новай архітэктуры бяспекі ў нашым рэгіёне Беларусь павінна мець свой голас.