
Дзмітрый Антончык, зяць палітыка, распавёў “Народнай Волі” пра тое, як апошні змагаецца ў няволі з анкалогіяй.
Нагадаем, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе аб “захопе ўлады”. Яго абвінавацілі паводле арт. 357 КК – “Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”.
5 верасня 2022 года суд прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Напрыканцы мінулага году Міністэрства ўнутраных спраў дадало палітыка ў спіс асоб, “якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.
Адбывае пакаранне Рыгор Кастусёў у папраўчай калоніі №22 у Івацэвічах, якая вядома пад назвай “Воўчыя норы”.
Раней блізкія палітыка распавядалі, што яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем – у прыватнасці, выявілася анкалагічнае захворванне.
— Вядома, што Рыгора Кастусёва змясцілі ў шпіталь на абследаванне напрыканцы мінулага месяца, — кажа Дзмітрый Антончык. – Але апошні тыдзень лістоў ад яго няма, гэдак жа, як няма інфармацыі, дзе зараз ён знаходзіцца.
Мяркую, калі б яго ўжо прывезлі ў калонію “Воўчыя норы”, то нешта б паведаміў пра сябе, але на гэты момант – поўная цішыня. Магчыма, лісты з турэмнай бальніцы дасылае, але спачатку яны ідуць у калонію, а ўжо адтуль – на волю. Таму такая затрымка.
— Абследванне было запланаванае?
— Яго даўно чакалі, але пакуль Рыгор Кастусёў быў у СІЗА, гэта было немагчыма. Тым не менш, хвароба сур’ёзная, і планавае медыцынскае асбледванне было неабходна.
Пры гэтым, наколькі вядома, яно праходзіць не толькі ў нейкай адной бальніцы – вазілі і ў Бараўляны, і ў іншыя медыцынскія ўстановы. Зараз, як быццам, знаходзіцца ў турэмнай бальніцы СІЗА ў Калядзічах.
— Як наогул адчувае сябе Рыгор Кастусёў?
— У апошніх лістах на здароўе асабліва не скардзіцца. Паведаміў, што адчувае сябе лепш, чым у мінулым годзе, калі абвастрыліся ўсе хваробы – перахварэў на каранавірус, з сэрцам былі праблемы, ціск павысіўся, анкалогію знайшлі.
Зараз, натуральна, пачувае значна лепш, але гэта не азначае, што зніклі ўсе праблемы са здароўем. “Значна лепш” – гэта ў параўнанні з крызіснай сітуацыяй мінулага году.
Віктар ШПАК.