Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота з адкрытых крыніц

Днямі былы настаўнік зборнай Беларусі па лыжных гонках Уладзімір Маркашынскі шчыра распавёў пра сённяшнія “дасягненні” ў гэтым відзе спорта:

“У нас чэмпіянат краіны, у якім спаборнічаюць чатыры жанчыны, восем юніёрак і столькі ж мужчын. Смешна сказаць: у гонцы перамог біятланіст Раман Ялётнаў! Далей наогул камедыя. Міхаіл Сямёнаў, які ўжо даўно працуе з паралімпійскай камандай (пры гэтым – толькі трэніруе), на дыстанцыі 20 кіламетраў выйграў у другога прызёра аж тры хвіліны!

А асноўны склад зборнай (зараз гэта два чалавекі) ад старта наогул вызвалілі! Стаміліся ў спрынце ці нешта іншае? Хаця лідары павінны пацвярджаць свой узровень менавіта на чэмпіянаце краіны – гэта аксіёма. Затым я ўсё прааналізаваў і прыйшоў да высновы, што трэнеры проста спалохаліся: а раптам той жа Сямёнаў і ў першага нумара нацыянальнай каманды выйграе больш за хвіліну?..

Не ўяўляю, як той жа Далідовіч ці Карняенка не выступілі б на чэмпіянаце краіны. У тыя часы, калі я быў галоўным трэнерам зборнай, калі б здарылася такое, што лідары не выйшлі на дыстанцыю 20 кіламетраў, мяне б звольнілі на наступны дзень.

У зборнай наогул нейкая нездаровая мода. Адзін настаўнік рыхтуе дваіх спартсменаў, другі – аднаго, трэці – дваіх, хаця трэба працаваць адзінай камандай”.

Пра дэградацыю беларускага спорту ў цэлым мы ўжо неаднойчы пісалі. Пра тое, як дэградуе лыжны спорт у прыватнасці, распавядаў “Народнай Волі” славуты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч, які сёння вымушаны працаваць не дома, а ў Польшчы.

Нагадаем, што Далідовіч  – легенда беларускага спорту. Адзіны ў гісторыі лыжнік, які ўдзельнічаў у сямі Алімпіядах (!) і ў дванаццаці запар чэмпіянатах свету.

Пасля завяршэння ў 2018 годзе кар’еры спартсмен працаваў трэнерам.

У 2020 годзе ён разам з многімі іншымі спартсменамі выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, выкліканых фальсіфікацыямі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Пасля чаго яго дачку Дар’ю Далідовіч чыноўнікі Беларускай федэрацыі лыжных гонак адхілілі ад удзелу ў спаборніцтвах і зборах. Праз месяц у спартсменкі наогул адклікалі ліцэнзію, без якой яна не магла ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту. Пасля гэтага сям’я Далідовічаў пераехала ў Польшчу, паколькі ў Беларусі яна станавілася своеасаблівым ізгоем.

Зараз у вядомага лыжніка ўсё проста выдатна. Сям’я жыве ў польскім курортным мястэчку Закапане, трэніруецца. Дар’я Далідовіч ужо стала чэмпіёнкай Польшчы па біятлоне сярод юніёрак.

“Па вялікім рахунку толькі дзеля таго, каб дачка змагла працягваць сваю спартыўную кар’еру, мы і з’ехалі з Беларусі”, – кажа Сяргей Далідовіч.

Вось і атрымліваецца такая сумная гісторыя. Лепшыя трэнеры і таленавітыя спартсмены ў лыжных гонках дома не патрэбны, бо “не тых поглядаў”, а спартыўныя чыноўнікі і іх начальнікі давялі сітуацыю да такога абсурда, што на чэмпіянаце Беларусі на дыстанцыі 20 кіламетраў трэнер Міхаіл Сямёнаў “прывозіць” сярэбранаму прызёру аж тры хвіліны. Што называецца, прыехалі!

Дарэчы, пасля апошняй зімовай Алімпіяды, міністр спорта і турызма Беларусі Сяргей Кавальчук на нарадзе аб выніках удзелу беларускіх спартсменаў у зімовых Алімпійскіх гульнях апраўдваўся за правалы наяўнасцю знешніх фактараў: маўляў, “падрыхтоўка і ўдзел спартсменаў у рознага рода спаборніцтвах ў апошнія гады праходзіла ва ўмовах беспрэцэндэнтнага ціску на ўвесь беларускі спорт, Нацыянальны алімпійскі камітэт, спартыўныя арганізацыі, спартсменаў і трэнераў”.

На што Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў так: “Скажыце, лыжныя гонкі, – хто на вас так націснуў, што вы практычна ні ў адным відзе не ўдзельнічалі? Я ўжо не кажу пра медалі. На Расію не менш ціснулі, асабліва на лыжнікаў. І вынік? Вам ён і не сніўся. Вы ніколі ў жыцці такога ўзроўня не дасягнеце… Вось вам і ціск. А вы?..”

А “мы” (а дакладней лыжны спорт у Беларусі.Аўт.) сёння, як у тых вядомых вершаваных радках:

Я стаю на асфальце,
Ногі ў лыжы абуты.
Ці то лыжы не едуць,
Ці то я – даўбануты.

Алесь СІВЫ.

Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.