Балота. Фота з адкрытых крыніц.

Ленты навінаў зноў застракацелі загалоўкамі пра магчымы новы наступ на Украіну з боку Беларусі.

Некаторыя эксперты нават удакладняюць, што гэтым разам можа быць наступ з Брэсцкай вобласці на Роўна і Львоў, каб перарэзаць калідоры паставак ва Украіну заходняй зброі. Іх апаненты, наадварот, сцвярджаюць, што ўсе чуткі пра наступ – гэта інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя, якая мае на мэце не дазволіць Украіне перакідваць войскі ад беларускай мяжы на ўсход, дзе ідуць напружаныя баі. Хто мае рацыю?

Вядомы расійскі ваенны эксперт Юрый Фёдараў прааналізаваў сітуацыю.

– Ад самага пачатку вайны ішлі размовы пра тое, што Расія паспрабуе перарэзаць транспартны калідор, па якім вядуцца пастаўкі зброі з Захаду, і для гэтага будзе арганізаваны наступ з-пад Брэста. Нібыта адтуль будзе наступаць нейкая буйная расійская групіроўка, якая хутка дойдзе да Луцка, з Луцка – у Роўна  і адтуль, з Валынскай вобласці, яна ўдарыць на Львоў. Але для таго, каб зразумець, магчымы ці немагчымы такі характар дзеянняў на поўначы Украіны, трэба перш за ўсё паглядзець на карты і рэаліі фізіка-геаграфічных умоў.

Ці рыхтуе Расія другі напад на Украіну з Беларусі?
Юрый Фёдараў. Фота з адкрытых крыніц.

На картах добра бачна рака Прыпяць, уздоўж якой больш-меньш і праходзіць беларуска-украінская мяжа. І на картах гэтыя ўчасткі, як правіла, пазначаны больш цёмным колерам. Бо прыкладна на трох-чацвёртых гэтай тэрыторыі знаходзяцца знакамітыя Прыпяцкія балоты. А заканчваюцца балоты – пачынаюцца лясы.

Адпаведна, наступаць па балотах – занятак вельмі непрыемны. Бо нават зімой яны добра не прамярзаюць. Любы танк проста праваліцца разам з башняй і экіпажам.

Той рэгіён – гэта так званыя “мокрыя землі”: балоты, рачулкі, пратокі, пойменныя лугі – мясцовасць, дзе не паўсюль нават людзі пройдуць. Што ўжо казаць пра цяжкую тэхніку. Буйная дарога там адна – міжнародная траса паміж Луцкам і Брэстам. І нават мясцовых дарог у тым рэгіёне Украіны не шмат. І гэта зразумела: у балотах  будаваць дарогі не проста.

Што тычыцца лясоў, то, канешне, лясныя дарогі там ёсць. Але пусціць па іх вайсковую тэхніку – гэта практычна абавязкова яе загубіць.

Дарэчы, менавіта так пацярпелі паразу расійскій вайсковыя калоны, якія ў лютым –сакавіку 2022-га года спрабавалі штурмаваць Кіеў. З поўначы ад украінскай сталіцы таксама досыць шмат лясных дарог, з якіх убок нікуды не з’едзеш. І гэтыя шматкіламетровыя “змеі” тэхнікі, танкаў, бронетранспарцёраў, грузавікоў з салдатамі рухаліся павольна і станавіліся лёгкай мішэнню для артылерыі Узброеных сіл Украіны. Вынік мы ведаем – калоны былі разгромлены, і Расія вымушана была пайсці на першы “жэст добрай волі” і вывесці свае войскі з трох паўночна-усходніх абласцей Украіны – Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумской.

Што з гэтага вынікае? А тое, што класічныя вайсковыя аперацыі (рассякаючыя ўдары, стварэнне клінаў, атачэнне войскаў праціўніка) у зоне ад польска-беларускай і польска-украінскай мяжы і ўздоўж Прыпяці практычна немагчымыя. Немагчымыя проста нават з-за фізіка-геаграфічных умоў. І колькі б войскаў для ударнай групіроўкі ў раёне Брэста ні назапасілі, гэта не мае сэнсу. Чым больш іх збяруць – тым большымі будуць пробкі на нешматлікіх дарогах, тым большай будзе ўразлівасць гэтых войск і калон.

Такім чынам, трывожная версія пра тое, што Расія з Беларусі рыхтуе ўдар, які перарэжа калідоры паставак Украіне заходняй зброі, з пункту гледжання здаровага чалавека, рацыі не мае. Не атрымаецца! Аўтары гэтых версій не знайшлі час нават паглядзець на фізіка-геаграфічныя карты таго рэгіёна.

А па-другое, яны не задалі сабе простае пытанне: а чаму ж на пачатку вайны ці ў першыя месяцы вайны, калі пайшлі транспарты з узбраеннем для украінскай арміі, расійскае вайсковае камандаванне не пайшло на такую аперацыю? Адказ відавочны – бо гэта практычна немагчыма, надзвычай цяжка, пацягне за сабой аграмадныя страты.

Застаецца яшчэ пытанне: а ці не будзе з Беларусі новага наступу на Кіеў? Там, як вядома, ёсць дарогі, якія звязваюць так званыя “чарнобыльскія раёны” з украінскай сталіцай. Але колькі войскаў трэба сабраць у Беларусі, каб паўтарыць такі наступ? Тым больш, што цяпер украінцы да такога сцэнарыя падрыхтаваліся.

Групіроўка, якая дзейнічала ў лютым-сакавіку мінулага года, налічвала 40-45 тысяч вайскоўцаў. І нічога не здолела зрабіць. Хаця Узброеныя сілы Украіны (скажам адкрыта) у той момант былі значна больш слабымі, чым зараз . І узбраенне было не тое, і фактар нечаканасці, і падрыхтоўка салдат…  Але ў расіян не атрымалася ўзяць Кіеў. Дык чаму атрымаецца зараз? Адказ напрошваецца сам сабой.

Ці ёсць прыкметы, што Расія, нягледзячы ні на што, рыхтуе напад на Украіну з Беларусі?

Сёння ад спадарожнікаў, радыёперахопаў, сучасных тэхнічных сродкаў разведкі схаваць падрыхтоўку буйной групіроўкі немагчыма.  Адпаведна, такіх прыкмет разведка пакуль не назірае. Ні заходняя, ні украінская.

Нагадаю, што за тры месяцы да пачатку так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне Злучаныя Штаты Амерыкі, як кажуць прафесіяналы, “выкрылі” падрыхтоўку да вайны. І спрабавалі прадухіліць яе, накіраваўшы кіраўніка ЦРУ ў Маскву. Іншая справа, што амерыканцам мала хто паверыў.  Але, думаю, што цяпер усе зрабілі неабходныя высновы.

 

“Я камандую!”

16 студзеня ў Беларусі пачаліся беларуска-расійскія лётна-тактычныя вучэнні, якія, згодна плану, павінны скончыцца 1 лютага. Па інтэрнеце адразу папаўзлі чуткі, што Беларусь больш не кантралюе сваё неба, і што цяпер усім распараджаюцца расійскія генералы.

У адказ прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі распаўсюдзіла каментарый камандуючага Узброена-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі, палкоўніка Андрэя Лук’яновіча.

“Пад маім кіраўніцтвам праводзіцца сумеснае лётна-тактычнае вучэнне. У вучэнні задзейнічаны падраздзяленні, якія ўваходзяць у склад авіяцыйнага кампанента рэгіянальнай групоўкі войскаў,” – заявіў ён.

“У ходзе вучэння выконваецца шырокі спектр задач. Пачынаючы з паветранай разведкі, сумеснага патрулявання дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы і кіравання авіяцыяй з самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50. Дадзены авіяцыйны комплекс дазваляе нарасціць радыёлакацыйнае поле практычна на ўсю глыбіню Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго адпрацоўваюцца задачы высадкі тактычных дэсантаў, перавозкі грузаў, авіяцыйнай падтрымкі, знішчальнага прыкрыцця і эвакуацыі параненых”, – паведміў Андрэй Лук’яновіч.

Але для беларусаў галоўныя словы камандуючага гэта словы “пад маім кіраўніцтвам”. Бо ў многіх ужо ёсць адчуванне, што расійскія генералы пачуваюцца ў Беларусі, нібы дома, і што яны ўжо тут кіруюць. Ажно не.

Алег СНОЎ.

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.