
Нашы прагнозы спраўдзіліся на ўсе сто – з канадскім трэнерам мінскага “Дынама” і зборнай Беларусі па хакеі Крэйгам Вудкрафтам не працягнулі кантракт. Зрэшты, канадцу і так ёсць чым ганарыцца, бо ён усталяваў своеасаблівы рэкорд – кіраваў камандай 303 матчы. А вось “Зубрам” ганарыцца няма чым. За ўвесь час выступлення “Дынама” у КХЛ, самае вялікае дасягненне клуба – выхад у плэй-оф, дзе каманда з трэскам вылятала на першай жа стадыі.
Дарэчы, калі хто не памятае, запомніцца Вудкрафту праца ў Мінску не толькі трэніроўкамі ды матчамі, але і скандаламі, якія раз-пораз пераследавалі канадца.
Нагадаем, што першы раз Крэйг Вудкрафт узначаліў мінскае “Дынама” ў 2016 годзе. Канадзец падпісаў трохгадовы кантракт, па якім, згодна з некаторай інфармацыяй, павінен быў атрымаць 1,5 мільёна долараў. Але, як кажуць, гладка было на паперы. “Дынама” ў сезоне 2016/2017 набрала рэкордныя 105 ачкоў, “Зубры” сталі пятымі ў сваёй канферэнцыі, хаця і прайгралі ў першым раўндзе плэй-оф.
Пасля гэтага Крэйг Вудкрафт нечакана з’ехаў у швейцарскі “Сервет”, а ўслед яму ад кіраўніцтва “Дынама” паляцела такое, што вушы закручваліся ў трубачку.
Так, на той час кіраўнік назіральнага савета “Дынама” Ігар Шуневіч заяўляў, што “мы даведаліся, што Вудкрафт вядзе перамовы за нашай спінай са цвейцарскім клубам”, на што канадзец парыраваў так: “гэта – чуткі”.
Пазней успомніў канадскага трэнера і былы генеральны дырэктар “Дынама” Анатоль Курылец, які абвінаваціў Вудкрафта яшчэ і ў сквапнасці.
“Чытаў інтэрв’ю Вудкрафта, што яго звальненне стала для яго сюрпрызам, – распавядаў Курылец. – Я – афіцэр. Кажу вам шчыра: ён пачаў весці перамовы са швейцарскім клубам са снежня 2016 года. Гэта тайна раскрылася ў маі – мы даведаліся, што Крэйг вядзе двайную гульню. Давялося з ім размаўляць інакш. Ён выставіў непад’ёмныя для клуба ўмовы: павышэнне заробку трэнерам амаль у два разы і дзевяць легіянераў у камандзе. На такое мы не маглі пагадзіцца. Трэнер “Дынама” Гордзі Дуаер ніколі не прыходзіў да мяне ў кабінет і не казаў: “Анатоль, заплаці, калі ласка, за падсвечнік. Два рублі. Я сабе ў трэнерскую куплю”. А Вудкрафт прыходзіў і прасіў”.
Адказаў Крэйг Вудкрафт і Курыльцу: “Гэта на 100 працэнтаў лухта! Людзі ў Беларусі павінны ведаць пра гэта”. На тым і разышліся.
Другое прышэсце Вудкрафта ў “Дынама” адбылося ў 2019 годзе, і з таго часу ён працаваў у Мінску. Праўда, сякера над яго галавой была занесена ўжо даўно, таму сыход канадца ў адстаўку – абсалютна лагічны і прадказальны крок.
Пытанне ў іншым: што далей? Ці будзе толк ад гэтага пакуль што бесталковага праекта, калі мільёны долараў бюджэтных грошай практычна ідуць у пясок?
Зараз галоўным трэнерам “Дынама” і нацыянальнай зборнай Беларусі прызначаны расіянін Дзмітрый Квартальнаў. У савецкія часы гуляў за васкрасенскі “Хімік”, у складзе зборнай СССР стаў чэмпіёнам свету 1989 года. Пазней выступаў у розных клубах за акіянам, у Еўропе і Расіі.
Пасля завяршэння кар’еры працаваў галоўным трэнерам такіх вядомых клубаў, як ЦСКА, “Лакаматыў”, “АК Барс”. Да зор пры ім каманды не даляцелі, а апошні год Квартальнаў і наогул сядзеў без працы. Таму новая пасада для Дзмітрыя Квартальнага – гэта, хутчэй, шанц не для беларускага хакея, а для расіяніна, які можа такім чынам рэабілітаваць сваю рэпутацыю.
Што чакае “Дынама”? Мяркую, у складзе з’явіцца больш легіянераў з расійскім пашпартам і, напэўна, мы ўбачым новы стыль гульні каманды. Іншае пытанне: ці зменіцца вынік?
Дарэчы, Квартальнаў ужо здзівіў многіх беларускіх балельшчыкаў, калі абурыўся, што “вельмі шмат маладых беларускіх хакеістаў вельмі рана з’язджае ў Паўночную Амерыку”.
“Я не магу зразумець – чаму, – разводзіў рукамі расійскі трэнер. – Хацелася б, каб яны заставаліся. Усё-такі ўзровень КХЛ нашмат вышэйшы, чым у заакіянскіх ніжэйшых дарослых і юніёрскіх лігах. Калі хлопцы перспектыўныя, то мы з імі будзем працаваць. Зараз мы будзем неяк размаўляць, пераконваць. Самае галоўнае – даваць ім шанц, каб яны заставаліся. Думаю, мінскае “Дынама” для іх – не пустыя словы. Гэта Радзіма, гэта каманда, якая з дзяцінства заўсёды была ў сэрцы”.
Думаю, не трэба быць вялікім хакеістам, каб зразумець, чаму беларуская моладзь “рве когці” за акіян. Для іх і на самай справе гэта шанц – праявіць сябе і патрапіць у лепшую лігу ў свеце – НХЛ. Так што словы пра патрыятызм і любоў да “Дынама” – гэта добра, але, як вядома, рыба шукае дзе глыбей, а чалавек дзе лепш.
А Дзмітрый Квартальнаў спачатку няхай пакажа той самай моладзі, якая з’ехала гуляць ў Паўночную Амерыку, вынікі сваёй працы ў мінскім “Дынама” і перспектывы вяртання ў гэту каманду.
Па словах расійскага спецыяліста, яго кантракт з “Дынама” “прадугледжвае тры гады працы”. Галоўнае, каб ужо праз год трэнеру не нагадалі пра “падсвечнікі за 2 рублі”. Такое ў гісторыі ўжо здаралася…