
Спартыўныя і ваколспартыўныя чыноўнікі працягваюць укараняць у беларускі футбол “сучасныя прагрэсіўныя” метады развіцця гэтага віду спорту ў краіне.
Днямі, напрыклад, Міністэрства спорту і турызму Беларусі адрапартавала, што “на базе Нацыянальнага алімпійскага стадыёна “Дынама” прайшло інфармацыйнае мерапрыемства для прадстаўнікоў футбольнага клуба “Дынама-Мінск”.
“Тэмай сходу стала “Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь”, пра што падрабязна распавёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, – паведаміў тэлеграм-канал міністэрства. – Ігар Аляксандравіч расказаў пра дэталі ўзнікнення айчыннай сімволікі і гістарычныя працэсы яе фарміравання. Таксама дэпутат падзяліўся важнай інфармацыяй пра філасофію, якая ляжыць у аснове беларускіх сімвалаў дзяржаўнасці”.
Мяркую, што дэпутат Марзалюк наведаўся на базу мінскага “Дынама” невыпадкова, бо, як вядома, у мінулым годзе Аляксандр Лукашэнка зладзіў разнос міністру спорту Сяргею Кавальчуку ў тым ліку і за апошнія вынікі, якія паказвае тытулаваны сталічны клуб, што знаходзіцца пад “куратарствам” Кавальчука.
“Зараз ідзе чэмпіянат свету, – звяртаўся А.Лукашэнка да міністра спорту на нарадзе падчас абмеркавання пытанняў развіцця спартыўнай галіны. – Я нешта, Сяргей Міхайлавіч, не заўважыў там нашых футбалістаў. Іх там і блізка няма. Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які сёння там паказваюць спартсмены. Мне проста страшна становіцца. Гэты від спорту, як і многія іншыя, у жахлівым стане!
А некалі, прызначаючы вас, я спадзяваўся што вы, як чалавек ваенны, які любіць спорт, разумее яго, павернеце там. І дзе вынікі? Мінскае “Дынама” якія медалі ўзялі? Чацвёртае месца, драўляныя? Дык драўляныя я вам намалюю і без грошай. А вы адказваеце за гэтую каманду. Я вам даручыў – займіцеся, і я вам даў грошы. А вы мне кажаце пра санкцыі…”
Як бачым, напярэдадні чарговага футбольнага сезона падбадзёрыць і настроіць на чэмпіёнскі лад “Дынама” вырашылі такім вось нестандартным метадам – лекцыяй дэпутата Марзалюка, які з футбалістамі “падзяліўся важнай інфармацыяй пра філасофію, якая ляжыць у аснове беларускіх сімвалаў дзяржаўнасці”.
Ніхто не адмаўляе, што футбалістам трэба ведаць пра сімвалы дзяржаўнасці і, магчыма, нават пра тое, што ёсць на свеце такі дэпутат Марзалюк. Але вось пытанне: якім чынам гэта адаб’ецца на іх прафесіяналізме? Бегаць хутчэй стануць? Забіваць будуць у два разы больш?
Я яшчэ разумею, калі б выступіць перад дынамаўцамі запрасілі Раналду, Ліянеля Месі ці Златана Ібрагімавіча. Тыя хаця б паказалі і распавялі, да чаго ў гэтым жыцці трэба імкнуцца кожнаму футбалісту. Магчыма, пасля гэтага і дынамаўцы задумаліся б: а чаго мы вартыя? Чым мы горшыя?
Але замест Раналду на базу “Дынама” прыехаў Ігар Марзалюк. Час пакажа, якім чынам адаб’ецца гэты візіт на “маральна-псіхалагічным” стане мінскага “Дынама”, але, як бачым, дэпутаты без справы не сядзяць. Нават да футбола ім ёсць справа. Напэўна, больш надзённых праблем у грамадстве і ў краіне сёння няма.
А футбалісты, дарэчы, пра сімвалы дзяржаўнасці павінны даведвацца не ў 20–30-гадовым узросце, а значна раней. Як кажуць: вучы дзіця, пакуль папярок лаўкі кладзецца. Ляжыць уздоўж лаўкі – выхоўваць ужо позна…