Мэрыем Герасіменка

Спявачка атрымала тры гады “хатняй хіміі”.

Лідар гурта Meriem Band Мэрыем Герасіменка нарадзілася ў Мінску. Пасля школы вучылася ў каледжы, затым паступіла ва ўніверсітэт. Атрымала юрыдычную адукацыю.

Займалася спортам, у свой час дзяўчына ўваходзіла ў склад юнацкай зборнай Беларусі па валейболе.

“У мяне за плячыма прэзідэнцкая музыкальная школа, я піяністка, – казала Мэрыем у адным з інтэрв’ю. – Паралельна выкладчыкі заўважылі, што спяваю. У мяне быў нехарактэрны для дзяўчынкі нізкі голас. На самай справе я ніколі не думала, што буду займацца спевамі ў прафесійным плане. Заўсёды марыла працаваць у следчых органах, у мяне дзве юрыдычныя адукацыі. Але ў нейкі момант людзі павярнулі мяне на правільны шлях, і я зразумела, што не змагу быць офісным планктонам”.

З часам Мэрыем адкрыла ўласную музычную школу для дзяцей. Самастойна пісала музыку і тэксты, выступала на розных мерапрыемствах і карпаратывах.

Мэрыем Герасіменка – лаўрэат шматлікіх конкурсаў, намінант Нацыянальнай музыкальнай прэміі “Адкрыццё года”. Лаўрэат прэміі Vklube.tv 2013 “Прарыў года”, фіналістка і сярэбраны прызёр тэлевізійнага вакальнага шоу “Акадэмія талентаў-4”, фіналіст праекта “Ікона сцэны”, удзельніца расійскага праекта “Галоўная сцэна”, “Голас Расіі”, лепшы Cover-выканаўца 2016, 2017 па версіі Прэміі М017 і Belarusian Music Awords, пераможца конкурса выканаўцаў TOP 8 – “Лепшы музыкальны калектыў краіны”.

“Я зарабляю грошы спевамі з 16 гадоў, – распавядала спявачка. – За тры гада працавала амаль ва ўсіх начных клубах Беларусі. У будучым у мяне шмат планаў і амбіцый…”

Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрта ў мінскім бары “Банкі-бутэлькі”, дзе спявачка выконвала песню “Обійми” украінскага гурта “Океан Эльзи”. Факт выканання песен на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў.

Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула, а пазней перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.

Напрыканцы мінулага тыдня суд Цэнтральнага раёна асудзіў Мэрыем Герасіменка паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”).

Пакуль яшчэ невядома, ці будзе спявачка абскарджваць гэты прысуд.

Віктар ШПАК.

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.