
25 сакавіка матчам са швейцарцамі нацыянальная каманда Беларусі стартуе ў кваліфікацыі да чэмпіяната Еўропы-2024.
Нагадаем, што беларусы патрапілі ў групу з камандамі Швейцарыі, Ізраіля, Румыніі, Косава і Андоры.
“Паспрабуем у чарговы раз парадаваць балельшчыкаў зборнай”, – адзначыў напярэдадні галоўны трэнер зборнай Георгій Кандрацьеў.
Складана сказаць, які сэнс укладваў настаўнік нацыянальнай каманды ў выраз “паспрабуем у чарговы раз парадаваць балельшчыкаў”, бо зборная Беларусі не можа перамагчы ўжо ў 13 афіцыйных матчах запар, а апошняя перамога беларусаў адбылася амаль два гады таму – 27 сакавіка 2021 года. Тады каманда перамагла эстонцаў (4:2) у дамашнім матчы кваліфікацыі да чэмпіянату свету–2022. З таго часу зборная пацярпела дзесяць паражэнняў і тройчы згуляла ўнічыю!
Дададзім: у сваёй групе ў Лізе нацый беларуская каманда заняла апошняе месца.
Дарэчы, раней Кандрацьеў так паразважаў пра шанцы зборнай ў гэтай кваліфікацыі: “Для нас любая група будзе складанейшая, выйсці з яе практычна немагчыма. Так, трэба ісці ад матча да матча, у кожным змагацца за перамогу. Але працэнт верагоднасці таго, што мы некуды выйдзем, маленькі. Гэта трэба разумець. Думаю, нават людзі, якія гэта кажуць, таксама ўсё разумеюць.
Узяць тую ж каманду Косава. Там легіянеры гуляюць у сур’ёзных клубах. Ізраільская каманда перамагае італьянскі “Ювентус”. Нам, калі з гэтай групы выйдзем, усім патрэбна Герояў Беларусі даваць. Хто б не кіраваў зборнай”.
Пасля гэтага над словамі галоўнага трэнера паіранізаваў былы форвард нацыянальнай каманды Вячаслаў Глеб: “Лічу, не проста Герояў патрэбна даваць. Самыя дарагія кватэры ў цэнтры Мінска ўсім! А яшчэ можна ганаровага жыхара горада даць, вуліцы іх імёнамі назваць…
Ведаеце, мне кажуць, што зборная Беларусі патрапіла ў самую лёгкую групу. Гэта была б самая лёгкая група для зборнай, якая б гуляла 10-15 год таму. А тут што казаць, калі мы ў групе Лігі нацый з Азербайджанам і Казахстанам займаем апошняе месца? Як можна казаць, што ў нас лёгкая група?”
Нагадаем, з-за санкцый зборная Беларусі праводзіць матчы на чужых палях і без балельшчыкаў.
25 сакавіка беларуская каманда правядзе намінальна дамашні матч у сербскім Нові-Садзе, а 28 сакавіка згуляе ў гасцях са зборнай Румыніі.