
На сёлетні “Славянскі базар” запланаваны “Рок-панарама”, КВЗ-канцэрт з удзелам каманд вышэйшай лігі, сольныя шоу Уладзіміра Праснякова, Стаса П’ехі і Дзмітрыя Малікава.
Праграму яшчэ вярстаюць, так што да існуючага спісу паступова будуць дадавацца новыя выканаўцы, калектывы і праекты.
Пра гэта распавёў генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск”, дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі.
У касах горада і на сайтах білетных аператараў продаж білетаў ужо стартаваў. На гэты раз купляць квіткі могуць адразу ўсе жадаючыя, хаця ў мінулыя гады спачатку яны былі даступныя жыхарам Віцебска ў касах, а пасля іх маглі набыць гледачы іншых гарадоў і краін).
“За беларускі кантэнт на гэтым фестывалі ў нас будуць адказваць два праекты. Першы – шоу групы “Аўра”, прысвечанае Году міра і стварэння, якім у Беларусі абвешчаны 2023-ы, – адзначыў Глеб Лапіцкі. – У другім аддзяленні нашага XXXII Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў будзе выступаць Ірына Дарафеева. Мне здаецца, гэта вельмі сімвалічна, таму што гэта той чалавек, які ў 1999-м годзе пачаў свой шлях са сцэны Летняга амфітэатра. Будуць і вялікія гала-канцэрты: “Шансон-ТБ”, “Залаты хіт”, цырымоніі адкрыцця і закрыцця”.
Група “Аўра” – тыя самыя выканаўцы, які праспявалі пра Любимую не отдают”, таму анонс спадара Лапіцкага нагадвае анонс канцэртаў “пенсіянераў і патрыётаў”.
Акцэнт “дзён Саюзнай дзяржавы” на фестывалі сёлета зрушыцца ад вакалу да харэаграфіі. Асобны канцэрт харэаграфічнага мастацтва пройдзе ў канцэртнай зале «Віцебск». Гэта, дарэчы, вельмі нядрэнна, бо Віцебскі фестываль харэаграфіі ў мінулым годзе даказаў, што застаецца прыстойным.
Асноўным жа на фестывальных днях будзе шоу на сцэне Летняга амфітэатра ў пятніцу, 14 ліпеня. Яго прысвяцяць 85-годдзю народнага артыста Савецкага Саюза Ігара Лучанка. Музычнае суправаджэнне забяспечыць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр імя М.Я.Фінберга.
«Непасрэдна там мы ўбачым у вельмі цікавай інтэрпрэтацыі выкананні песні Ігара Міхайлавіча. І не толькі хіты, якія ведаюць усе, – расказаў дырэктар фестывалю. – Гэта і новыя творы, якія перададзены сям’ёй кампазітара і зроблены маладымі выканаўцамі Беларусі і Расіі».
Алена НОВІКАВА.