Чым займаецца звольненая чэмпіёнка свету?

Фота з адкрытых крыніц.

«Здаецца, яшчэ ў 2020 годзе са зборнай адлічылі чэмпіёнку свету па фрыстайле Аляксандру Раманоўскую. Чым яна зараз займаецца? Знайшла працу?

Сяргей МАРКЕВІЧ, г.Маладзечна.

У 2019 годзе фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская заваявала золата чэмпіянату свету, двойчы стала чэмпіёнкай зімовай Універсіяды. Па выніках года яна была прызнана лепшай спартсменкай Беларусі.

Пасля выбараў 2020 года Аляксандра Раманоўская актыўна выказвалася з нагоды таго, што адбывалася ў краіне, падпісала адкрыты ліст спартсменаў за новыя выбары і супраць гвалту. Праз нейкі час дзяўчыну звольнілі з цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле і прыбралі са зборнай нібыта па прычыне прагулаў.

Восенню 2021 года Раманоўскую затрымалі і прысудзілі штраф па адміністрацыйным артыкуле 24.23, памер штрафу склаў 2610 рублёў.

Нейкі час спартсменка заставалася без працы, але зараз з’явілася аб’ява, што Аляксандра хоча паспрабаваць свае сілы ў IT-сферы – на пазіцыю QA engineer. Дзяўчына згодная і на стажыроўку, у тым ліку неаплатную, галоўнае для яе – набрацца досведу і атрымаць практычныя веды.

Аляксандра прайшла курсы ў кампаніі A1QA і здала экзамен катэгорыі functional tester.

Віктар ШПАК.

Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.