Нагадаем, што інцыдэнт здарыўся напярэдадні Новага году, раніцай 29 снежня.

У той дзень Расія вяла масіраваны абстрэл Украіны. Супрацьпаветраная абарона гэтай краіны адбівала атаку, збіваючы ракеты і дроны. Адна з ракет упала ў полі ля беларускага аграгарадка Горбаха Іванаўскага раёна. Пазней Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ракету збіла беларуская СПА. І што, згодна адноўленай траекторыі, запушчана ракета была ад пасёлка Забалоцце Валынскай вобласці.

У той ж дзень Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Украіны Ігара Кізіма выклікалі ў беларускае Міністеэрства замежных спраў. Там яму заявілі “рашучы пратэст”. Прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз назваў інцыдэнт са збітай над тэрыторыяй Беларусі ракетай комплекса С-300 «вельмі сур’ёзным» і паведаміў, што украінскаму паслу былі заяўлены наступныя патрабаванні:

– каб Украіна правяла дбайнае расследаванне,

– прыцягнула да адказнасці вінаватых,

– прыняла меры, каб не дапусціць паўтарэння падобных інцыдэнтаў.

Пракаментавалі здарэнне і ў Міністэрстве абароны Украіны.

“29 снежня беларускі бок выказаў пратэст у сувязі з парушэннем у гэты дзень паветранай прасторы Беларусі зенітнай ракетай С-300, якая была выпушчана, як сцвярджаецца беларускім бокам, з тэрыторыі Украіны. У гэтай сувязі Міністэрства абароны Украіны упаўнаважана выступіць з такім каментарыям.

29 снежня Расіяй было здзейснена чарговае злачынства – масіраваны ракетны абстрэл мірных гарадоў Украіны.

Паводле папярэдніх ацэнак, тэрыторыя Украіны была атакавана крылатымі ракетамі тыпу Х-101/Х-555», «Калібр», «Х-22» і «Х-32», супрацьрадыялакацыйнымі ракетамі «Х-31П», а таксама дронамі «Shahed-131/136». Усяго было ўжыта больш за 11 дронаў і 69 крылатых ракет, запушчаных са стратэгічных бамбавальнікаў «Ту-95МС», самалётаў «Ту-22М3» і караблёў Чарнаморскага флоту Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, па украінскіх гарадах у прыфрантавой зоне былі ўжыты зенітныя кіраваныя ракеты «С-300».

У выніку варварскіх ракетных удараў разбурэнням падвергліся больш за 18 жылых дамоў, 10 аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў дзесяці абласцях. Самае страшнае, што зноў пацярпелі мірныя людзі.

Свет не можа стаяць у баку ад гэтых злачынстваў. Так званыя нейтральнасць, асцярожнасць і стрыманасць – гэта падтрымка дзяржавы-тэрарыста. Міжнародная супольнасць павінна звярнуцца да больш рашучых дзеянняў, каб пазбавіць Расію магчымасцяў працягваць варварства і ракетны тэрор супраць мірнага насельніцтва і грамадзянскіх аб’ектаў Украіны, а таксама, каб узмацніць абаронны, супрацьпаветраны і супрацьракетны патэнцыял Украіны.

Украіна працягвае супраціў варварству і агрэсіі, ажыццяўляючы сваё неаспрэчнае права на самаабарону згодна з артыкулам 51 Статута ААН.

Што тычыцца сцвярджэнняў беларускага боку, то ўкраінскаму боку вядомы адчайныя і настойлівыя імкненні Крамля ўцягнуць Беларусь у сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. У гэтай сувязі ўкраінскі бок не выключае і свядомай правакацыі з боку Расіі, якая праклала такі маршрут для сваіх крылатых ракет, каб справакаваць іх перахоп ў паветранай прасторы над тэрыторыяй Беларусі.

Украінскі бок, пакідаючы за сабой безумоўнае права на абарону ўласнага неба, у той жа час гатовы да правядзення аб’ектыўнага расследавання інцыдэнту, які адбыўся 29 снежня ў небе над тэрыторыяй Беларусі ў выніку атражэння масіраванага ракетнага ўдару РФ. Украіна гатова запрасіць да ўдзелу ў такім расследаванні аўтарытэтных экспертаў з дзяржаў, якія не звязаныя з падтрымкай Расіі ў любой форме”, – сказана ў заяве украінскага ваеннага ведамства.

На прапанову міжнароднага расследвання беларускі бок пакуль не адгукнуўся.

Іван ШАЎЛЮК.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.