”Чэмпіёнаў Нью-Васюкоў яшчэ і ўзнагароджваюць?”

Крэйг Вудкрафт. Фота з адкрытых крыніц.
Крэйг Вудкрафт. Фота з адкрытых крыніц.

Выступленне “Зуброў” у гэтым сезоне закончылася амаль месяц таму. Пакуль іншыя каманды яшчэ змагаюцца за Кубак Гагарына, дынамаўцы ўжо адпачываюць. Пытанне толькі ў тым: ці заслужаны гэта адпачынак?

Як вядома, у першым раўндзе плэй-оф “Дынама” традыцыйна (у трэці раз) прайграла ў серыі піцерскаму СКА – 2:4 і, такім чынам, нічога асаблівага не паказала і гэтым разам.

Больш за тое — і ў плэй-оф яны ледзь патрапілі! У гэтым больш не іх заслуга, а маскоўскага “Спартака”, які дапамог “Зубрам” заскочыць у апошні вагон. У апошніх дзесяці матчах рэгулярнага чэмпіянату, калі трэба было змагацца ў кожнай гульні, “Дынама” перамагло ўсяго ў чатырох гульнях. Праўда, “Спартак”, які быў асноўным канкурэнтам мінчан за выхад у плэй-оф, згуляў на фінішы яшчэ горш.

Відаць, кіраўніцтва “Зуброў” ведала, што за такую гульню ў сезоне можна дробра атрымаць па вушах не толькі ад балельшчыкаў, а таму дальнабачна запрасіла на сумесную трэніроўку з “Дынама” хакейную каманду кіраўніка краіны. Афіцыйныя СМІ затым адрапартавалі, што Аляксандру Лукашэнку “падарылі хакейнае джэрсі з аўтографамі каманды”.

“Вялікі дзякуй вам ад усіх, хто тут знаходзіцца, — звярнуўся да Лукашэнкі канадскі трэнер “Дынама” Крэйг Вудкрафт. — Мы вельмі ўдзячны за ўсё, што вы робіце для хакея”.

“Калі б у Амерыцы і ў Канадзе столькі рабілі дзеля хакея кіраўнікі, колькі ў нас, яны б у космасе былі, — адрэагаваў кіраўнік краіны. — А вы ўсё целяпаецеся туды-сюды ў гэтым плэй-оф. Чакаем ад вас у будучым годзе сапраўднай гульні”.

Яшчэ праз некалькі дзён, у Пасланні беларускаму народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў задачу для “Дынама” на наступны сезон: “Учора мне паабяцалі, што ў будучым годзе дакладна пераступяць (пройдуць далей за першы рауд плэй-оф — Аўт.). Але яны мне гэта кожны год абяцаюць…”

Што праўда, то праўда!

У “Дынама” ўжо ўвайшло ў практыку працаваць па прынцыпе: вы нам крэслы — раніцай, а мы вам грошы — вечарам. Таму на гэты момант перад кіраўніцтвам “элітнага” хакейнага клуба свая лакальная задача — знайсці чарговыя мільёны долараў на наступны сезон. А вечарам, магчыма, ужо ніхто і не ўспомніць, што яны абяцалі раніцай, бо за ўвесь час выступлення “Дынама” у КХЛ, самае вялікае дасягненне клуба – выхад у плэй-оф, дзе каманда з трэскам вылятала на першай жа стадыі.

Зараз хакеісты ў адпачынку, Вудкрафт паляцеў да сябе на Радзіму і, магчыма, распавядзе пры нагодзе трэнерскаму штабу зборнай Канады, у якім “космасе” яны могуць апынуцца пры пэўных абставінах.

Галоўны трэнер “Дынама” плануе вярнуцца ў Мінск у бліжэйшыя дні, хаця раней прагназавалася, што кантракт з ім не будзе працягнуты. Вядома таксама, што Крэйг Вудкрафт працягне працу з нацыянальнай камандай, якая з-за санкцый, што ўвяла Міжнародная федэрацыя хакея, таксама “целяпаецца” невядома дзе. На чэмпіянаце свету зборная не выступіць, таму даводзіцца цешыцца рознымі таварыскімі матчамі ды другаснымі турнірамі.

Тым часам прэс-служба мінскага “Дынама” апублікавала відэа, прысвечанае закрыццю сезона.

Зубры” адзначылі закрыццё сезона масавым катаннем на лёдзе з балельшчыкамі, а хакеісты атрымалі ўзнагароды”, — паведамляе сайт “Дынама”.

На што адзін з балельшчыкаў на форуме справядліва задаўся пытаннем: “Чэмпіёнаў Нью-Васюкоў яшчэ і ўзнагароджваюць?”