Чарговыя адвакаты засталіся без ліцэнзіі

Інэса Аленская. Фота з адкрытых крыніц.

Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў Віцебскай і Мінскай абласной калегій адвакатаў.

Як паведаміў Мінюст, “па выніках атэстацыі кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні:

— аб немагчымасці выканання адвакатамі Аленскай І. В. і Шарснёвым Д.В. сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі”.

Нагадаем, што Інэса Аленская абараняла палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насту Лойку, Рыгора Кастусёва. Яе юрыдычны стаж лічыцца з 1997 года, адвакатам працавала з 2002-га. Рыгор Кастусёў у сваім “апошнім слове” на судзе нават прысвяціў ёй верш.

“Кваліфікацыйнай камісіяй таксама прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні:

Вапручкова С. К. – у сувязі з прымяненнем да яго дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе выключэння з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў за ўчыненне правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру);

Кавалевіч Т.У. – У сувязі з немагчымасцю выканання адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, — паведаміў Мінюст.

З вялікай вергоднасцю можна казаць, што хутка пазбавіцца ліцэнзіі і адвакат Арцём Сям’янаў. Ён  зараз адбывае адміністрацыйны арышт “за непадпарадкаванне міліцыі”. Сям’янаў абараняў палітвязняў Валянціна Стэфановіча , Аляксандра Францкевіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і многіх іншых.

БЛІЦ-КАМЕНТАРЫЙ

Калі нельга трапіць да асуджанага…

Увогуле на пачатку мінулага тыдня адбылася беспрэцэдэнтная падзея – затрыманне адразу некалькіх адвакатаў. Іх прозвішчы мы, напэўна, даведаемся з наступных рашэнняў Мінюста аб пазбаўленні адвакацкіх ліцэнзій. Але вось як апісвае тое, што адбылося, былы адвакат Дзмітрый Лаеўскі:

— У панядзелак 20 сакавіка 2023 года стала вядома, што адбыліся ператрусы ў цэлага шэрагу адвакатаў (не менш чым у шасці). Некаторыя з гэтых адвакатаў былі змешчаны ў ізалятар і да цяперашняга моманту ўжо знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам.

Сярод тых адвакатаў, якіх гэта закранула:

— адвакат, які аказвае юрыдычную дапамогу Максіму Знаку;

— два адвакаты, якія аказваюць юрыдычную дапамогу Марыі Калеснікавай;

— адвакат, які аказвае юрыдычную дапамогу Віктару Бабарыку.

Пытанне, наколькі тое, што адбываецца, адпавядае праву, я нават не закранаю. Скажу пра іншае.

Пазбаўленне ліцэнзій і запалохванне адвакатаў – на жаль, даўно не навіна ў Беларусі. Ператрусы і арышты таксама ўжо здараліся, але каб так масава ў адзін дзень — гэта ўпершыню.

Па якой прычыне раптам гэтыя адвакаты сталі аб’ектам такога стаўлення? Такое пытанне за апошнія дні я чуў не раз.

Што асаблівага робіць адвакат на стадыі, калі кліент ужо ў статусе асуджанага знаходзіцца ў калоніі (як Віктар Бабарыка, Максім Знак і Марыя Калеснікава)?

На дадзены момант усе прававыя сродкі адстойвання невінаватасці ўжо выкарыстаны (задзейнічаны). Гэта значыць, цяжка ўявіць нейкія новыя дзеянні абароны, якія б стварылі такія вялікія нязручнасці для ўлады, каб выклікаць падобную рэакцыю.

Інтэрв’ю гэтыя адвакаты даўно не даюць – значыць, і гэты фактар выключаны.

Скаргі на дзеянні кіраўніцтва калоній наўрад ці разглядаюцца ўладай як нейкае небяспечнае дзеянне з боку адваката.

Што застаецца? Наведванне адвакатамі кліентаў у калоніі.

Справа ў тым, што з пачатку лютага 2023 года вышэйпералічаныя абвінавачаныя не мелі магчымасці гутарыць са сваімі адвакатамі (пасля 2 лютага не дапускалі адваката да Максіма Знака, пасля 6 лютага — да Віктара Бабарыкі, пасля 7 лютага — да Марыі Калеснікавай). Скаргі і звароты не далі вынікаў. Лістоў і званкоў ім таксама даўно не прадастаўляецца.

Дык няўжо сёння сама магчымасць кантакту асуджаных са знешнім светам у асобе адваката стала разглядацца як небяспечная?

Наведванне адвакатам чалавека ў калоніі дае яму кантакт са знешнім светам. Менавіта гэтага ўжо паўтара месяца пазбаўлены Віктар Бабарыка, Максім Знак і Марыя Калеснікава. Гэта сур’ёзнае паражэнне ў правах і вельмі небяспечная сітуацыя. Гэта павінна быць спынена.