Суд над гродзенскім журналістам у чарговы раз перанеслі.

Спачатку паведамлялася, што суд над Андрэем Пачобутам павінен быў пачацца ў Гродзенскім абласным судзе 28 лістапада. Затым працэс перанеслі на 9 студзеня. Але і ў гэты дзень суд не пачаўся – гэтым разам ён перанесены на 16 студзеня. Застаецца толькі здагадвацца, па якіх прычынах.

Нагадаем, што Андрэя Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (“здзяйсненне групай асобаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і здзяйсненне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызма”) і ч. 3 арт. 361 КК (“заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы”).

У кастрычніку Андрэй Пачобут быў унесены ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. За кратамі журналіст знаходзіцца ўжо паўтара года.

Віктар ШПАК.

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.