Изображение носит иллюстративный характер

У эфіры расійскага тэлебачання зноў прагучала: “Беларусь – гэта частка “вялікай Расіі”.

Прагучала не з вуснаў нейкага фрыка, не ад невуча з няпоўнай школьнай адукацыяй, не ад замежніка, для якога былы СССР і Расія гэта адно і тое ж. Прагучала з вуснаў адстаўнога генерала Службы знешняй разведкі, былога начальніка інфармацыйна-аналітычнага упраўлення СВР, а потым – дырэктара Расійскага інстытута стратэгічных даследванняў Леаніда Рашэтнікава.

Але дзівяць не такія заявы. На жаль, у расіян яны не адзінкавыя. Дзівіць рэакцыя афіцыйных асоб беларускай дяржавы, бо яны на адыёзную  заяву генерала Рашэтнікава ніяк не адрэагавалі, дружна маўчаць.

Між тым пасля падзей ва Украіне на ўсе захады расійскіх палітыкаў, аналітыкаў і прапагандыстаў наконт “вялікай Расііі”, “гістарычна рускіх земляў”, “рускага міру” на постсавецкай прасторы дэмакратычная грамадскасць пачала рэагаваць жорстка. Каб расіяне не мелі ілюзій і нават не думалі ў гэты бок!

Адкрыта і прынцыпова выказаліся некаторыя кіраўнікі постсавецкіх рэспублік. Павагі да сваёй краіны публічна запатрабаваў ад Уладзіміра Пуціна прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Так і сказаў, у вочы: «Зрабілі так, нібы мы краіны, якія… Не ведаю… Так, мы малыя народы. Нас не сто мільёнаў, не дзвесьце мільёнаў. Але мы маем гісторыю, культуру. Мы іх любім. Мы хочам, каб нас паважалі. Нічога не трэба – проста каб паважалі. Мы не жабракі, у нас багатая краіна: запасы мінеральных рэсурсаў – большыя, чым сістэма Мендзялеева”. І запатрабаваў на сустрэчы ў Душанбэ, каб да Таджыкістана ў Расійскай Федэрацыі ставілася хаця б з такой жа павагай, як да краін Афрыкі.

У Азербайджане за антыазербайджанскую рыторыку заблакавалі нават сайт галоўнага інфармацыйнага агенцтва Расіі РІА “Новости”, а таксама анулявалі від на жыхарства кіраўнікам мясцовага аддзялення агенцтва “Спутнік” (імі, дарэчы, аказаліся грамадзяне Беларусі).

Адкрыта крытыкуюць за шавінізм Расію ў Арменіі. Нават у навагоднім звароце прэм’ер-міністр Арменіі Нікал Пашынян “прайшоўся” па галоўным сюзніку.

На кожны выпад наконт “рускіх земляў”, які гучыць у эфіры расійсіх тэлеканалаў, жорстка рэагуюць у Казахстане. І кіраўніцтва казахскага  МЗС, і міністры, і кіраўнікі палат парламента, і дэпутаты нязменна даюць адлуп падобным захадам.

І толькі Беларусь маўчыць, нібы так і трэба, так і правільна. Нібы мы саромеемся ці баімся бараніць сваю краіну, сваю дзяржаву, сваю самабытнасць, сваю незалежнасць, сваё права на існаванне.

Між тым, яшчэ ў 2016 годзе таму ж Леаніду Рашэтнікаву давалі адлуп і “СБ: Беларусь сёння”, і беларускі МЗС. Тады генерал назваў Беларусь “гістарычнай часткай Расіі, малой краінай, якая не можа жыць самастойна”.  У адказ “СБ”, заснавальнікам якой з‘яўляецца Адміністрацыя прэзідэнта, назвала Рашэтнікава «балбатуном»,» глыбокім адстаўніком « і «дылетантам», а МЗС Беларусі выклікаў дарадца-пасланніка пасольства Расіі і выказаў афіцыйны пратэст.

Дык што змянілася? Ці маўчанне гэта ўжо знак згоды?

Ігар МАРОЗАЎ.

Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.