Унук вярнуўся з навагодняга свята ў сталічным Палацы Рэспублікі і азадачыў мяне пытаннем: “А чаму Дзед Мароз стаў блакітным? Навошта ён перафарбаваўся?”. Дзіця прывыкла на шматлікіх карцінках, паштоўках, у мульціках бачыць Дзеда Мароза ў чырвонай апранасе да пят, з доўгай белай барадой. І таму сёлетні Мароз на галоўнай елцы краіны падаўся яму нейкім несапраўдным, пераадзетым у футра з чужога пляча. І ўсё – імгненна знікла дзіцячая вера ў добрага дзеда-чараўніка, на якога малеча ўскладае столькі мараў-спадзяванняў.

Прызнацца, я не патлумачыў унуку, чаму так радыкальна змяніў афарбоўку Дзед Мароз. Бо наўрад ці зразумее другакласнік, што спалучэнне белага і чырвонага колераў у Беларусі лічыцца забароненым, што бывалі выпадкі, калі за бела-чырвоныя шкарпэткі на нагах і такога ж колеру сняжынкі на балконах людзей садзілі на суткі і штрафавалі. І вось – дайшла чарга да Дзеда Мароза. Чарговае дурноцце, якое нават дзеці заўважылі.

Азадачаны ўнукавым пытаннем, вырашыў я пацікавіцца, а хто ж выконваў ролю Дзеда Мароза на гэткім адказным мерапрыемстве? Можа, які вайсковец, якому загадалі перафарбавацца – ён і падпарадкаваўся?

А тут – на лаўца і звер бяжыць – у газеце “Звязда” днямі выйшла вялікае інтэрв’ю з Уладзімірам Радзівілавым, “майстрам пародыі, спеваком і артыстам размоўнага жанру”, як прадставіла яго газета. Аказваецца, гэта ён і ёсць той самы галоўны Дзед Мароз краіны. Ды яшчэ і з вялікім стажам – 27 гадоў! Проста нейкі незаменны Мароз. Снягуркі ўжо разоў дзесяць памяняліся, а ён так нікому і не саступіў сваёй пасады.

Прачытаўшы інтэрв’ю, я следам за ўнукам расчараваўся. Вось Радзівілаў кажа, што, уваходзячы ў ролю, “падымаў усю паднаготную Дзеда Мароза”, вывучаў гісторыю. Ды якая там гісторыя! Персанаж гэты паявіўся ў Беларусі толькі ў 1930-я гады, яго ледзь не бальшавіцкім дэкрэтам уводзілі ў мастацкую самадзейнасць. Зразумела, з адной мэтай – каб уніфікаваць навагодняе свята на вялізнай прасторы ад Сахаліна да Брэста.

А калі б парадыст усур’ёз зацікавіўся прататыпам свайго героя, то разгарнуў бы, напрыклад, двухтомную энцыклапедыю “Беларускі фальклор” і знайшоў бы там каларытнага Зюзю, які цалкам адпавядае Дзеду Марозу. Традыцыйны беларускі Зюзя і быў – стагоддзямі! – папярэднікам пазнейшага прыхадня – Дзеда Мароза. Менавіта Зюзя згадваецца ў беларускіх народных песнях (“Па сняжыстым лесе, / па скалелым лузе / скрозь і ўсюды лезе / зімавейны Зюзя”), у беларускіх прыказках (“Зюзя на дварэ – куцця на стале”). Перачытайце ўсе 70 тамоў беларускай народнай творчасці (вядомая серыя БНТ) – дзе там той Дзед Мароз? А Зюзяў там – безліч.

Наўрад ці забыты Зюзя зможа ўраз замяніць “захопніка” Мароза, але, шануючы народныя традыцыі, яго варта было б паступова ўводзіць у навагоднія сцэнарыі. Зразумела, што і размаўляў бы Зюзя на спрадвечнай мове гэтай зямлі – па-беларуску. У адрозненне ад агульнасавецкага Дзеда Мароза, які ў выкананні таго ж Радзівілава гаворыць толькі па-руску. Такім чынам, галоўная елка Беларусі практычна нічым не адрозніваецца ад аналагічнага мерапрыемства дзе-небудзь у Навасібірску ці Хабараўску.

Радзівілаў у інтэрв’ю захоплена згадвае, як удзельнічаў у сустрэчах Дзядоў Марозаў розных рэгіёнаў Расіі. Што яшчэ раз падкрэслівае: нават з дапамогай гэтага бяскрыўднага персанажа Беларусь спрабуюць яшчэ больш прывязаць да РФ. Можа, і словы для беларускага Дзеда Мароза пішуць у расійскім Вялікім Усцюгу – штабе ўсяго “дзедамарозаўскага” руху?

Уладзімір Радзівілаў усё ж заслужаны артыст Беларусі, і было б не лішнім, каб ён свайго героя паступова збеларушваў – і мовай, і падабенствам да нашага спрадвечнага Зюзі. Помніцца, гадоў дваццаць таму ў часопісе “Пралеска” (для дзіцячых садкоў) друкаваўся сцэнарый навагодняга ранішніка, дзе быў такі вершык: “Хмаркі ў небе белыя, як гускі. / Падарункі вам усім прынёс / самы лепшы, самы беларускі / бел-чырвона-белы Дзед Мароз!”.

Магчыма, словы гэтыя прамаўляў у свой час і парадыст Радзівілаў, які сёлета па чыімсьці бязглуздым распараджэнні паслухмяна паблакітнеў, звёўшы лексікон да рускай мовы і такім чынам ператварыў сур’ёзны вобраз у пародыю і тым самым прыпсаваўшы дзецям доўгачаканае навагодняе свята.

Не ведаю, дзе асноўная праца артыста, але думаецца, што князі Радзівілы такога Радзівілава ў свой знакаміты тэатр не прынялі б.

Мікалай КАМАРОЎСКІ, пенсіянер.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.