Чаму беларускую більярдыстку Аляксандру Карней не дапусцілі да міжнароднага турніра ў Польшчы?

Аляксандра Карней. Фота з сацсетак.

Аляксандра Карней — прызёр чэмпіяната Еўропы па більярду.

“У пул гуляюць ва ўсім свеце, у Амерыцы, у Еўропе, Азіі, па сутнасці — паўсюль, — распавядала спартсменка news.pm.by. — На нашым кантыненце тон задаюць палякі, немцы і расіяне. Але мы таксама можам паказаць клас — у нас ёсць і чэмпіёны, і прызёры. Я сама была адной з іх на чэмпіянаце Еўропы 2018 года. Тады мы ўзялі бронзу ў камандным турніры.

Гэта быў вельмі добры пачатак — выйграць медаль на дарослым чэмпіянаце Старога Свету ў чатырнаццаць год удаецца не кожнаму. Гэта натхніла, і я як ніколі сур’ёзна і мэтанакіравана рыхтавалася да чэмпіяната Еўропы 2020 году.

Набрала, скажу без лішняй сціпласці, самую лепшую сваю форму, у 2019 годзе нават узначальвала нацыянальны жаночы рэйтынг, а ў выніку турнір адмянілі з-за пандэміі. Проста перанеслі на нявызначаны тэрмін. І ўся матывацыя разам некуды знікла.

Тым больш, мяне чакаў выпускны клас — трэба сказаць, што ў нашай сям’і прынята вучыцца на выдатна. І, натуральна, більярд адышоў на задні план. А пасля я зразумела, што паеду вучыцца ў Польшчу, дзе ізноў-такі першае месца ў маім жыцці будзе займаць далёка не пул…

І гэтая ментальная перамена адразу ж адбілася на гульні — я ўжо не адчувала сябе так упэўнена, як раней. “Саша, ды ты што, збярыся!” — казаў мне трэнер. Але як сабрацца, калі знікае мэта?”

Аляксандра распавядала, што год вучылася ў Польшчы на падрыхтоўчых курсах, але па старой памяці заходжвала ў більярдны клуб. Зараз яна заканчвае першы курс па турыстычнай спецыяльнасці ў Польскай Зялёнай Гуры.

“Нарэшце атрымалі за кампанію санкцыйную аплявуху — праз ганебны статус спартыўных ізгояў Сашы скасавалі дазвол на ўдзел у міжнародным турніры ў Польшчы. — паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Ігар Карней, вядомы журналіст і бацька спартсменкі. — Сашка заканчвае першы курс па турыстычнай спецыяльнасьці ва ўніверсітэце польскай Зялёнай Гуры і па выпрацаванай гадамі звычцы “прыбілася” да аднаго з більярдных клубаў горада. Хоць нібыта і не планавала вяртацца да колішняга захаплення, нават пакінула ў Мінску ўсе свае “баявыя” кіі.

Супраца пачалася плённа і з узаемнымі бонусамі. Гаспадар аказаўся докам у снукеры, дагэтуль выступае на высокім узроўні нядаўна прайшоў жорсткі адбор на чэмпіянат Еўропы на Мальце. Ну, а больш бюджэтны пул гэта камерцыйны праект, даступны для шырокіх масаў. Бо снукер – усё ж эліта більярднага спорту.

Пабачыўшы на парозе гатовы кадр (майстар спорту, някепскае міжнароднае партфоліё ды і медаль чэмпіянату Еўропы ў калекцыі нечага вартая) прапанаваў Сашы бясплатныя трэніроўкі з падпрацоўкай у зале і ўдзел ад клуба ў турнірах.

Тая, адпаведна, зачапілася за магчымасць падтрымліваць неабходныя кандыцыі.

Пару лакальных спаборніцтваў прайшлі без прыгодаў і ўжо ў красавіку дачка збіралася на першы статусны выезд у Лодзь – міжнародны турнір з удзелам сапраўдных майстроў. Заадно там якраз чакаў перададзены кій. Арганізатары заяўку ўхвалілі, аплаціла ўнёсак, пачалася падрыхтоўка. І раптам паставілі перад фактам, што беларусы (хоць яна там і была, здаецца, адзінай з сінім пашпартам) не будуць дапушчаны да турніру праз санкцыйны пераслед за саўдзел у вайне ва Ўкраіне. Як кажуць, рэаліі ўрэшце дагналі”.

Аказалася, што, каб гуляць у турнірах, арганізаваных Польскай асацыяцыяй більярднага спорту, трэба мець акрэдытацыйную карту, якую спачатку зацвердзілі, а потым абнулілі.

Выглядае, што ў цяперашняй сітуацыі этнічныя беларусы могуць атрымаць запаветны дазвол толькі ў адным выпадку – атрымаўшы польскае грамадзянства, — адзначае Ігар Карней. — Так што новы этап спартыўнай кар’еры дачкі скукожыўся, толкам і не пачаўшыся…”

Чаму беларускую більярдыстку Аляксандру Карней не дапусцілі да міжнароднага турніра ў Польшчы?
Аляксандра Карней. Фота з сацсетак.