
Цэны на агуркі ў беларускіх магазінах б’юць рэкорды: каштуюць ад 9 да 14 з лішнім рублёў за кілаграм. І нават экзатычныя манга дзешавейшыя – усяго 6–10 рублёў за кілаграм. Што адбываецца?
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў пра сітуацыю ведае. У праграме «Пытанне нумар адзін» на тэлеканале «Беларусь 1» ён так патлумачыў высокія цэны на агуркі.
– Мы бачылі цэны ў краме, але сёння гэта выключна ўплыў сітуацыі. Еўрапейскі Саюз знізіў аб’ём вытворчасці цяплічных гаспадарак. Газ жа дарагі стаў, а трэба ацяпляць цяпліцы, падсвечваць іх. Гэта ўсё для іх дорага стала, яны знізілі вытворчасць. З Турцыі складана завесці, таму што лагістыка ўскладнілася. І сёння адзіны рынак, дзе можна набыць агуркі, —гэта Расійская Федэрацыя. Але ў Расіі рэгулявання цэн няма. І, вядома, пры ўсплёску кан’юнктуры, яны шмат у чым паднялі цэны, – растлумачыў міністр.
“Народная Воля” вырашыла праверыць словы міністра Багданава і пераканацца, што агуркі ў гэты час дарагія ва ўсіх суседніх з намі краінах.
Для параўнання ў Беларусі мы ўзялі магазін “Белмаркет”, што на вуліцы Куйбышава ў Мінску. Доўгія і гладкія агуркі тут каштуюць амаль 14 рублёў (5,6 долара) за кілаграм. І гэта цэннік, які сёння ў Беларусі нікога не здзіўляе. Агуркі так каштуюць паўсюль – 9–14 рублёў. Даходзіць і да 16 рублёў за кілаграм.
Параўналі кошты на гэты ж дзень у крамах краін-суседак.
Масква
Гандлёвая сетка “Ашан”. Агуркі сярэдняплодныя і з пупырышкамі (у нас такія – самыя дарагія) каштуюць не больш як 230 расійскіх рублёў за кілаграм. У сярэднім 2,5–3,2 долара.
Гандлёвая сетка “Магніт”. Доўгія і гладкія агуркі (як у “Белмаркеце”), але паштучна запакаваныя ў вакуум, каштуюць 250 расійскіх рублёў за кілаграм (3,4 долара).
На расійскіх сайтах з прапановамі аптовых партый агуркі каштуюць 100—160 рублёў за кілаграм. Можна знайсці больш танныя, можна даражэйшыя, экалагічныя, фермерскія і таму падобнае. Але прапаноў па 1,2–2,2 долары за кілаграм вельмі шмат.
Кіеў
Сетка “Ашан”. Агурок доўгі, гладкі каштуе 98,5 грыўны за кілаграм (2,6 долара). Маленькія агурочкі з пупырышкамі – 105,9 грыўны за кілаграм (2,8 долара).
Гандлёвая сетка “Фора”. Сярэдняплодныя агуркі з пупырышкамі каштуюць 104,99 грыўны за кілаграм – 2,8 долара.
Сетка “NOVUS” – прыгожыя, невялічкія агурочкі з пупырышкамі каштуюць 103 грыўны за кілаграм – 2,7 долара.
Рыга
У гандлёвай сетцы Barbora кошт свежых агуркоў пачынаецца з 2,07 еўра і спыняецца на 3,22 еўра.
У RIMI вялікія доўгія агуркі прадаюць паштучна – 1,59 еўра за адзінку.
Вільнюс
У літоўскай сетцы Iki агуркі таксама прадаюцца паштучна – вялікія, упакаваныя ў вакуумную абгортку, – 1,99 еўра за штуку. У Maxima такі ж агурок каштуе 1,39 еўра.
Варшава
Служба інтэрнэт-дастаўкі Frisco.pl, з якой працуюць не самыя буйныя гандлёвыя сеткі, прапануе агуркі па 19,96 злота за кілаграм – 4,3 долара.
E.Leclerc прапануе агуркі па 14,99 злота за кілаграм (3,2 долара).
У польскім Aushan кароценькія (пішуць нават, што грунтавыя) агурочкі каштуюць 16,79 злота за кілаграм (3,6 долара).
Як жа так выйшла, што ў Еўропе, па сцвярджэнні беларускіх прапагандыстаў, і цэны на газ высокія, і вытворчасць там падае, а агуркі таннейшыя чым у нас?
Ды не будзем яшчэ забывацца, што і заробкі там не роўня беларускім. Мы пра такія толькі марым.
Як жа так выйшла, што ва Украіне – вайна і мільёны бежанцаў, эканоміка парушана, а што працуе – дык у рэжыме “Усё для фронту, усё для перамогі!” свежыя агурочкі ў лютым у кіеўскіх крамах ёсць, і кошт іх амаль удвая ніжэйшы, чым у спакойнай, мірнай, стабільнай Беларусі?
Як жа так выйшла, што з нас, адзінага саюзніка, Расія здзірае тры скуры за нейкія агуркі? На нашых палігонах атабарыліся іх войскі, з-за іх мы трапілі пад санкцыі, свае склады ўзбраенняў дзеля іх спустошылі, прынялі мабілізаваных для навучання… А што ў адказ? Нават у Маскве – самым дарагім горадзе Расіі – агуркі каштуюць значна танней, чым у Беларусі. Як сказаў міністр, нам танных не прадаюць.
Дарэчы, Аляксей Багданаў супакойвае: «Нам засталося пацярпець літаральна да канца лютага, і ўжо ў поўным аб’ёме першы, так бы мовіць, новы ўраджай цяплічных нашых агуркоў з’явіцца ў крамах, і ў сакавіку мы ўжо будзем цалкам забяспечаны сваім агурком. Скончыцца міжсезонны перыяд, у які мы завозім імпартную прадукцыю».
Але справа ж не ў агурках. Кожнаму зразумела, што перажывём мы да вясны, да новага ўраджаю і без іх. Тут справа ў прынцыпе. Чаму так адбываецца: як паслухаеш чыноўнікаў, дык усё ў Беларусі добра, усё пад кантролем; і мір у нас, і спакой, і танны газ, дзякуючы саюзу з Расіяй… А глянеш на цэннікі – хоць бы на тыя ж агуркі – і зразумела, што нас зноў падманулі.
Толькі ўдумайцеся: у Кіеве, у вайну агуркі танней, чым у Беларусі!
Алена НОВІКАВА.