Былы калгас імя Жданава стаў сірыйскім

Фота з адкрытых крыніц.

Замежныя бізнесмены выкупілі на таргах вытворча-маёмасны комплекс «Мяжаны» ў Браслаўскім раёне амаль за 702 тысячы рублёў.

У савецкія часы ён быў вядомы як калгас імя Жданава, потым ператварыўся ў калгас “Мяжаны”, потым з’явілася адкрытае акцыянернае таварыства, да якога далучылі суседняе аграпрадпрыемства “Альшанка”, якое амаль патанула. У выніку “патанулі” разам. Справа аб банкруцтве была ўзбуджана ў студзені мінулага года.

Цяпер, па ўмовах конкурсу, інвестары абавязаліся захаваць на працягу не менш пяці гадоў існуючую спецыялізацыю прадпрыемства, інвеставаць ва ўтрыманне і развіццё яго не менш за 300 тысяч рублёў штогод на працягу пяці гадоў, а таксама захаваць працоўныя месцы. У якасці аднаго з кірункаў дзейнасці на браслаўскай зямлі сірыйскія прадпрымальнікі маюць намер развіваць авечкагадоўлю.

У карыстанні ВМК “Мяжаны” амаль 13 тысяч гектараў зямлі, з якіх 8,6 тысяч гектараў – сельскагаспадарчыя. У перспектыве землі плануецца перадаць інвестару ў доўгатэрміновую (да 99 гадоў) арэнду.

Распродаж актываў праводзіўся па рашэнні крэдытораў у рамках працэдуры ліквідацыі сельгаспрадпрыемства, прызнанага эканамічным судом Віцебскай вобласці банкрутам. Сродкі, атрыманыя ад продажу маёмасці, пойдуць на пагашэнне запазычанасці крэдыторам і іншых плацяжоў.

“Мяжаны” – сельгаспрадпрыемства з гісторыяй. У свой час яно было адзіным у Беларусі, дзе вырошчвалі племянных трусоў. З фінансавай дапамогай Мінсельгасхарча для яго былі закуплены трусы лепшых еўрапейскіх парод. І калі вы калі-небудзь куплялі дзіцячае харчаванне з трусяцінай, то вельмі верагодна, што трусы былі выгадаваны менавіта ў Мяжанах.

Праектам цікавіліся інвестары з Італіі, якія вывучалі магчымасць стварэння тут буйной фермы на 25 тысяч галоў з вытворчасцю 50 тон трусяціны ў год. Але не задалося…

“Мяжаны” вярнуліся да традыцынай для Беларусі спецыялізацыі – мяса-малочнай.  Скончылся гэта скандалам і крымінальнымі справамі супраць кіраўніцтва – за прыпіскі, за тое, што спрабавалі схаваць падзеж буйной рагатай жывёлы. У выніку рашэннем суда Докшыцкага раёна дырэктар атрымала два гады калоніі, галоўны інжэнер – паўтара, пакаранне бухгалтараў абмежавалася “хатняй хіміяй”.

А вось трусаводства на прамысловыя маштабы, як гэта планавалася яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму, у Беларусі так і не выйшла.

Ніна ЖВІРКО.