
Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання, які ў гэтым годзе адзначае 70-гадовы юбілей, у чарговы раз з’явіўся сярод лотаў аукцыйнай пляцоўкі ЗАТ “Белрэалізацыя”.
Цяпер яго кошт зніжаны на 80 працэнтаў!
Аукцыён адбудзецца 1 сакавіка.
Лёс гэтага завода, можна сказаць, драматычны. Пару гадоў таму “Народная Воля” падрабязна расказвала, як некалі вядомае на ўвесь Савецкі Саюз прадпрыемства давялі да банкруцтва.
Нагадаем, што Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання (у народзе яго называюць радыятарным) пачаў працаваць у 1953 годзе. Ужо ў наступным годзе выплавілі першыя чугунныя ацяпляльныя батарэі, якім доўгі час не было канкурэнтаў на прасторах былога Саюза.
Але калі Саюз разваліўся праз 70 год пасля заснавання, то радыятарнаму заводу было адмерана некалькі менш – праз 65 год яго фактычна пахавалі.
У 90-я гады на заводзе пачалося акцыяніраванне, хаця простыя рабочыя да набыцця акцый асабліва і не імкнуліся. Але гэта нават не абмяркоўвалася, бо ў краіне праводзілася такая палітыка.
Затым кіраўнікі прадпрыемства пачалі змяняцца як пальчаткі, пачынаючы з 1995 года змяніліся аж чатыры дырэктары. У завода пачаліся праблемы.
“Хто толькі не кіраваў прадпрыемствам, – распавядае былы галоўны інжынер завода Іван Патапнёў. – Людзі, якія, на мой погляд, былі ў некаторых вытворчых пытаннях дылетантамі.
Напрыклад, завод шмат крытыкавалі за несуадноснасць экалагічным нормам. І вось адна нямецкая фірма вырашыла на нашым прадпрыемстве мадэрнізаваць ачышчальныя сістэмы ваграначных газаў. У завода з’явіліся нейкія свае грошы, крыху дапамагло Міністэрства прамысловасці.
Кошт праекта быў ацэнены прыкладана ў 900 тысяч долараў. Адпрацавалі з немцамі ўсе пытанні, і раптам аднекуль з’явілася італьянская фірма, якая паабяцала выканаць усё тое самае, але ўжо за 1 мільён 800 тысяч долараў. І кіраўніцтва прадпрыемства нечакана аддало перавагу італьянцам, хаця менавіта нямецкая фірма мела сур’ёзны вопыт такіх работ. Адным словам, грошы ў літаральным сэнсе пусцілі ў трубу!”
На заводзе выпускалі катлы, радыятары, іншую прадукцыю. З кожным новым кіраўніком сітуацыя пагаршалася. Крызіс набіраў абароты.
Замест таго, каб своечасова перабудавацца, прыстасавацца да рынка, кіраўнікі завода сядзелі і чакалі з мора надвор’я. Патрэбна было праводзіць мадэрнізацыю прадпрыемства, але гэтым, відаць, ніхто асабліва не хацеў займацца, хаця на рынак ужо прыйшлі новыя канкурэнты.
“З нямецкай фірмай у нас была ўнікальная магчымасць правесці поўнамаштабную і сучасную рэканструкцыю плавільнага аддзялення, якасна ўдасканаліць тэхналагічныя паказчыкі, але кіраўнікі завода жылі адным днём, – працягвае Іван Патапнёў. – Далі грошай – патрацілі. З-за шматвектарнай вытворчасці развалілі кацельны цэх. Нашы катлы проста не вытрымлівалі канкурэнцыі. Тая ж Германія даўно перайшла на высокатрывалы чугун, а беларускія катлы пры эксплуатацыі выходзілі са строю. Большасць фірм у свеце наогул адмовіліся ад чугуна, і нам патрэбна было перабудоўвацца.
У Беларусь пачалі пастаўляць вырабы з Кітая, Расіі, Еўрасаюза, толькі ў 2011 годзе алюмініевых радыятараў завезлі ў нашу краіну на 20 мільёнаў долараў.
Акрамя таго, і ў самой краіне з’явіліся канкурэнты – пачалі збіраць алюмініевыя радыятары ў Гомелі, а ў Лідзе запусцілі дзве лініі па зборцы стальных радыятараў.
У выніку, як і ў многіх іншых галінах, мы аказаліся на ўзбочыне. Пачаліся праблемы з фінансамі, а значыцца сталі эканоміць на сыравіне. Няякасная сыравіна выклікала падзенне якасці прадукцыі. Па некаторай інфармацыі, брак асобнай прадукцыі даходзіў да 80 працэнтаў, хаця ў лепшыя гады ў нас былі ўсяго 3 працэнты брака.
З’явілася праблема з кадрамі. Калі на заводзе пачаўся бардак, многія звольніліся ў пошуках лепшай працы. На іх месца прыйшлі тыя, у каго не было вопыта працы ў такой спецыфічнай галіне”.
Дайшло да таго, што завод спыняў працу на кароткі перыяд, рабочыя працавалі па скарочанаму графіку, а ў лістападзе 2018 года прадпрыемства спынілася поўнасцю. Прыкладана ў гэты ж час Эканамічны суд Мінска распачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве завода.
Пазней прыязджалі прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці, ацэньвалі завод, але грошай на яго мадэрнізацыю, відаць, так і не знайшлі. І каля 2500 чалавек, якія да гэтага працавалі на знакамітым прадпрыемстве, што называецца, засталіся ля разбітага карыта.
Зараз будзе ўжо шостая спроба з лета 2022 года прадаць з аукцыёна Мінскі радыятарны завод. Паведамлецца: каб стаць удзельнікам аукцыёна, патрэбна зарэгістравацца і ўнесці аванс у памеры 10 працэнтаў ад кошта аб’екта. Сам лот ацэнены ў 25,9 мільёна рублёў (прыкладна 9,3 мільёна долараў).
Дарэчы, у чэрвені 2022 года пачатковы кошт Мінскага завода ацяпляльнага абсталявання складаў амаль 65 мільёнаў рублёў. Як бачым, за такія грошы такое “шчасце” браць ніхто не захацеў…
Алесь СВЯТЛАНІЧ.