
Агульная запазычанасць беларусаў па пазыках расце восьмы месяц запар і дасягнула рэкордных 17 мільярдаў рублёў.
Нацыянальны банк распавёў, што ў першым месяцы 2023 года банкі выдалі фізічным асобам пазыкаў на 796,9 мільёна рублёў. Гэта на 23,1 працэнта больш, чым год таму.
У прыватнасці, спажывецкіх крэдытаў выдана на 694,4 мільёна рублёў, за год іх доля вырасла на 2 працэнты.
Крэдытаў на фінансаванне нерухомасці беларусы атрымалі на 102,5 мільёна рублёў, а на будаўніцтва і набыццё жылля – 101,5 мільёна рублёў.
Запазычанасць па крэдытах у беларусаў расце восьмы месяц запар. Яна дасягнула сумы ў 17,019 мільярда рублёў – рост за год склаў 3,65 працэнта.
Адначым, што ў агульнай суме запазычанасці ўлічваюцца спажывецкія крэдыты, крэдыты на нерухомасць, на аўтамабілі, а таксама банкаўскія карткі растэрміноўкі.
Расце і пратэрмінаваная запазычанасць фізічных асобаў – на 1 лютага яна складала 36,7 мільёна рублёў, што на 19,1 працэнта больш, чым у лютым мінулага года.
Па інфармацыі Нацыянальнага банка, больш за ўсё крэдытаў фізічным асобам выдаў “Беларусбанк”, а таксама “МТБанк” і “Банк ВТБ (Беларусь)”.
Сярэдняя сума крэдытнай дамовы па краіне складае 5,89 тысяч рублёў.
А самымі актыўнымі атрымальнікамі крэдытаў з’яўляюцца мужчыны ва ўзросце ад 26 да 45 год. У іх сярэдняя сума крэдыта дасягнула 7,86 тысяч рублёў.
Дарэчы, з 1 сакавіка беларускія банкі сталі масава зніжаць стаўкі па крэдытах. Гэта звязана са зніжэннем з 1 сакавіка стаўкі рэфінансавання да 10,5 працэнта гадавых.
Віктар ШПАК.