Беларускія грэка-католікі займелі сваю Апостальскую Адміністратуру. Што гэта значыць?

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква цяпер афіцыйна з’яўляецца Апостальскай Адміністратурай. Яе статус быў павышаны напрыканцы сакавіка 2023 года. Разбіраемся, што гэта значыць для беларускіх грэка-католікаў і агулам для Каталіцкага Касцёла.

30 сакавіка Папа Францішак стварыў Апостальскую Адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і прызначыў Апостальскім Адміністратарам структуры архімандрыта Яна Сяргея Гаека МІС, які з 1993 года быў Апостальскім візітатарам для гэтых вернікаў.

Беларускіх грэка-каталіцкіх вернікаў ужо павіншаваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён падкрэсліў, што пасля 80-гадовага перапынку католікі ўсходняга абраду ў Беларусі маюць сваю структуру і свайго ўласнага пастыра.

«Ад імя беларускага каталіцкага епіскапату, а таксама ад імя ўсіх вернікаў лацінскага абраду дазвольце павіншаваць Вас і ўсіх вернікаў візантыйскага абраду з гэтай гістарычнай падзеяй», – заявіў ён.

Епархія без біскупа

У афіцыйным паведамленні Святога Пасаду адзначаецца, што ў новай апостальскай адміністратуры для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі на сёння налічваецца каля 5 000 вернікаў, дзейнічае 16 парафій, маюцца 16 святароў, 3 дыяканы і 4 семінарысты.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што грэка-каталіцкая супольнасць у Беларусі з’яўляецца спадчынніцай Брэсцкай уніі 1596 года. Таксама адзначаецца, што ў 1798 годзе была створана Мінская (русінская) епархія, «дзейнасць якой у 1839 годзе была паралізавана, але структура ніколі не ліквідавалася». Annuario pontificio згадвае яе да 1924 года.

У лісце нагадваецца, што ў 1939 годзе Мітрапаліт Львоўскі, архіепіскап Андрэй Шаптыцкі заснаваў Беларускі экзархат, а ў 1941 годзе Пій ХІІ зацвердзіў іерарха ў якасці яго апостальскага адміністратара. З 1943 года пасада заставалася вакантнай.

У 1988 годзе грэка-каталіцкія вернікі ў Беларусі пачалі грамадзянскую рэгістрацыю сваіх парафій. З 1993 года яны былі даручаны пастырскай апецы архімандрыта Сяргея Гаека ў якасці апостальскага візітатара ad nutum Sanctae Sedis («на загад Святога Пасаду»). Цяпер статус і айца Сяргея, і самой БГКЦ павышаны.

Чым ёсць Апостальская Адміністратура

Кодэкс Кананічнага права Каталіцкага Касцёла абвяшчае, што апостальская адміністратура – «пэўная частка Народу Божага, якая з  асаблівых і вельмі важкіх прычын не засноўваецца Вярхоўным Пантыфікам у якасці дыяцэзіі; пастырская апека даручаецца апостальскаму адміністратару, які кіруе ёю ад імя Вярхоўнага Пантыфіка».

Разам з Апостальскай адміністратурай для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі ў Касцёле існуюць дзевяць апостальскіх адміністратураў, з іх шэсць – лацінскага абраду і тры – візантыйскага (апроч Беларусі, гэта таксама Албанія ды Казахстан і Цэнтральная Азія).

Пры гэтым частку гэтых апостальскіх адміністратур узначальваюць біскупы. Напрыклад, у Албаніі, Кітаі, Эстоніі, Узбекістане і на Каўказе. Апошні беларускі грэка-каталіцкі біскуп Уладзімір Тарасевіч, які займаў тытулярную пасаду біскупа Марыямскага, памёр у 1986 годзе. І з таго часу беларускія грэка-каталікі ані ў Беларусі, ані за мяжой свайго біскупа не мелі.

Ці атрымаюць беларускія грэка-католікі таксама і біскупа, пакуль не паведамляецца. Агулам жа сярод 23 усходніх каталіцкіх цэркваў, уласнага біскупа не маюць дзве – Беларуская і Расійская грэка-каталіцкія цэрквы. Але, як адзначылі ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду, Мінская епархія візантыйскага абраду дагэтуль існуе і ніхто яе не ліквідаваў. А значыць, і магчымасць прызначэння на яе ўласнага іерарха таксама не выключаецца.

 

Адзначым, што ўтварэнне Апостальскай Адміністратуры для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі адбылося неўзабаве пасля таго, як у лістападзе 2022 года прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў быў прызначаны арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які ў 2011 – 2015 гадах выконваў абавязкі Апостальскага нунцыя ў Беларусі.

Сама ж дыкастэрыя ж, як заяўляецца ў правілах, можа прызначаць для вернікаў Усходніх каталіцкіх цэркваў “візітатараў і нават сваіх уласных іерархаў, наколькі гэта магчыма і дзе таго патрабуюць колькасць і абставіны». А значыць, пытанне ўласнага біскупа для БГКЦ не закрытае.

Мечыслаў Гапановіч.