
Беларускія дзюдаісты выступяць на маючым адбыцца чэмпіянаце свету ў Катары. У Доху адправяцца Ягор Варапаеў, які будзе змагацца ў вагавой катэгорыі да 90 кг, у жаночым турніры за ўзнагароды пазмагаецца Дар’я Канцавая (да 78 кг).
Нагадаем, што беларусы, як і расіяне, былі дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў толькі ў канцы мінулага тыдня, і будуць выступаць у якасці нейтральных атлетаў.
Сёння з’явіліся паведамленні, што восем спартсменаў праверку на нейтральнасць не прайшлі.
Як высветлілася, вканкам IJF замовіў незалежную праверку біяграфічных звестак спартсменаў, якія ўвайшлі ў папярэднюю заяўку, на прадмет адпаведнасці крытэрам допуску. Па яе выніках васьмі магчымым членам дэлегацый было адмоўлена ва ўдзеле ў чэмпіянаце свету. Усе яны – расіяне. IJF дапусціла да ўдзелу ў чэмпіянаце толькі спартсменаў, у дачыненні да якіх не было выяўлена фактаў падтрымкі вайны ва Украіне.
«Пастанова была прынятая ў адпаведнасці з правіламі, палітыкай і прынцыпамі сумленнай гульні IJF», — паведамляе афіцыйны сайт міжнароднай федэрацыі.
Што тычыцца малога прадстаўніцтва беларусаў, то, згодна афіцыйным тлумачэнням, яно звязана з тым, што на планетарным форуме выступаюць толькі атлеты, якія ўваходзяць у топ-100 сусветнага рэйтынгу. А нашы дзюдаісты больш за год не выступалі ў рэйтынгавых турнірах, таму іх пазіцыі значна пагоршыліся.
36-ы чэмпіянат свету па дзюдо пройдзе ў Досе з 7 па 14 мая. Плануецца, што ў катарскую сталіцу прыедуць каля 700 спартсменаў з 99 краін свету. Яны разыграюць 15 камплектаў узнагарод — па сем у мужчын і жанчын, а таксама адну ў камандным турніры.