Беларускія дыпламаты распавялі пра сваіх дзядоў

З нагоды 78-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Міністэрства замежных спраў Беларусі сумесна з беларускімі замежнымі ўстановамі запусціла памятную акцыю ў сацыяльных сетках. Пад адзіным хэштэгам #МыПомним беларускія дыпламаты распавядаюць пра подзвігі выдатных суайчыннікаў, сваіх родных і блізкіх у гады вайны.

«Вельмі ганаруся подзвігамі майго дзеда лейтэнанта Гарохава Сяргея. Ён падчас ВАВ ваяваў у складзе 49-й стралковай дывізіі. Узнагароджаны ордэнам ВАВ I ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу», «За ўзяцце Кёнігсберга», — напісаў Часовы павераны Беларусі ў Эстоніі Аляксей Зубко.

Павел Уцюпін, пасол Беларусі ў Казахстане, таксама падзяліўся сваёй сямейнай гісторыяй. Яго дзядуля Пётр Уцюпін пайшоў на фронт у 17 гадоў і стаў танкістам. Ён удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі і Прыбалтыкі, узяцці Кёнігсберга. «Як многія іншыя ветэраны, ён ніколі не расказваў пра тыя страшныя дні Вялікай Айчыннай вайны. І, шчыра кажучы, многія рэчы я ўжо змог даведацца з архіўных дакументаў. За подзвігі, якія ён здзейсніў, ён атрымліваў баявыя ўзнагароды. У прыватнасці, адна з самых любімых узнагарод дзядулі — медаль „За адвагу“, які ён атрымаў за вызваленне Літвы», — распавёў пасол.

Павел Уцюпін дадаў, што памяць пра тыя гады не павінна знікнуць, а такія гісторыі павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне.