Беларускі бізнес хоча, як у Расіі

Саюз юрыдычных асоб “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва” прапануе падрыхтаваць змены ў заканадаўства, якія накіраваны на дэкрыміналізацыю эканамічнай дзейнасці. Пра гэта паведаміў старшыня вышэйшага каардынацыйнага савета РКП Андрэй Капыток.

Ён звярнуў увагу, што 18 сакавіка гэтага года ў Расіі прыняты закон, згодна якому ў сувязі з падатковымі правапарушэннямі крымінальная справа не можа быць распачатая, а распачатая справа падлягае спыненню ў выпадку выплаты ў поўным аб’ёме сум нядоімкі, пеняў і штрафу.

Праграма дзейнасці беларускага ўрада да 2025 года, зацверджаная пастановай Саўміна, нагадаў спадар Капыток, таксама прадугледжвае скарачэнне падстаў для прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай сферы. У нацыянальнай платформе бізнесу Беларусі на 2023-2024 гады, якую распрацавалі прадстаўнікі дзелавой супольнасці, прапануецца прыступіць да рэалізацыі пералічаных вышэй задач урада.

«Мы прапануем прыняць па аналогіі з Расіяй такі ж закон, паколькі пастанова Саўміна прадугледжвае скарачэнне падстаў для прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай сферы», – растлумачыў Андрэй Капыток.

Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва, удакладніў ён, падтрымлівае прынятае ў Расіі рашэнне. Што ж тычыцца Беларусі, то распрацоўшчыкі Нацыянальнай платформы бізнэсу канстатуюць выпадкі, якія цалкам тычацца нявыплаты падаткаў бізнэсам, калі ў Беларусі распачынаюцца (на падставе арт.33 Падатковага кодэкса) менавіта крымінальныя справы.