Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) звярнулася ў Канстытуцыйны суд з нагоды новага закона аб палітычных партыях

Фото из открытых источников.

“Наша партыя шмат чаго робіць для таго, каб паўплываць на сітуацыю з законам аб палітычных партыях, – распавёў “Народнай Волі” старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў. – Магчыма, не заўсёды гэтая работа заўважная. Але мы ў межах нашых магчымасцяў звярталіся да чыноўнікаў самага рознага ўзроўню і да прыняцця законапраекта, не апускаем рукі і цяпер, калі закон набыў моц”.

Што паабяцалі?

“Цэнтральным Камітэтам БСДП 2 сакавіка 2023 года было вырашана накіраваць зварот у Канстытуцыйны суд з нагоды парушэння Канстытуцыі пры прыняцці Закона “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў”, якім уносяцца праўкі ў Закон “Аб палітычных партыях”, – паведамляе БСДП. – Аналіз новай рэдакцыі закона зрабіў сябра ЦК БСДП, былы суддзя Канстытуцыйнага суда, прафесар Міхаіл Пастухоў.

У мэтах выканання даручэння ЦК БСДП на асабісты прыём у Канстытуцыйны суд да суддзі Анатоля Цікавенкі патрапілі першы намеснік старшыні БСДП Аляксей Сігаеў і сябра ЦК БСДП Міхаіл Пастухоў. Яны выказалі пазіцыю ЦК БСДП аб неканстытуцыйнасці новай рэдакцыі закона “Аб палітычных партыях” і перададзены адпаведны зварот.

Анатоль Цікавенка паведаміў, што Закон “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” перад падпісаннем не абмяркоўваўся ў Канстытуцыйным судзе і ніякіх заключэнняў па яму Канстытуцыйны суд не рабіў.

Суддзя Анатоль Цікавенка паабяцаў, што закон, на які напісаны зварот, будзе разгледжаны Канстытуцыйным судом з улікам заўваг БСДП”.

Што напісана ў звароце?

“14 лютага 2023 г. падпісаны і з 4 сакавіка 2023 г. уступіў ў сілу Закон “Аб зменах законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў”. У адпаведнасці з ім абнаўляецца Закон “Аб палітычных партыях”, – гаворыцца ў звароце БСДП (Грамада) за подпісам першага намесніка старшыні партыі Аляксея Сігаева.

1. У адпаведнасці з арт.7 Закона “Аб палітычных партыях” у новай рэдакцыі (далей – Закона), стварэнне і дзейнасць палітычных партый, саюзаў у мэтах гвалтоўных змен канстытуцыйнага ладу, прапаганды вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, здзяйснення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам, альбо якія дапускаюць магчымасць здзяйснення указанай дзейнасці і дзеянняў падчас дасягнення правамерных мэт стварэння, забараняюцца.

Між тым у дзеючай Канстытуцыі (ч.3 арт.5) утрымліваецца больш вузкая фармулёўка абмежаванняў пры стварэнні і дзейнасці палітычных партый, а менавіта: “Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу альбо вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варажнечы”.

Гэта азначае, што ў зменах і дапаўненнях у Закон утрымліваецца больш шырокі круг абмежаванняў, што, на нашую думку, з’яўляецца неправамерным.

2. У арт. 8 Закона замацоўваецца пашыраны спіс мэт і задач палітычных партый, у тым ліку: забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу і грамадскай згоды; удзел у кіраванні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў; садзейнічанне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян; фарміраванне спелай палітычнай самасвядомасці грамадзян; фарміраванне грамадскай думкі; забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці; палітычная адукацыя і выхаванне грамадзян.

Наконт гэтага ў ч.1 арт.5 Канстытуцыі ўстанаўліваецца, што палітычныя партыі “… спрыяюць рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна”.

Па нашым меркаванні, шляхам пашырэння мэт і задач палітычных партый дзяржава імкнецца навязаць ім сваю ідэалогію і прымусіць выконваць патрэбныя ёй ўстаноўкі. Прычым ужытыя фармулёўкі носяць абстрактны характар (напр., “непахіснасць канстытуцыйнага ладу”, “фарміраванне спелай палітычнай самасвядомасці грамадзян”, “фарміравання грамадскай думкі”), што стварае перадумовы для прад’яўлення ў будучым палітычным партыям прэтэнзій аб неналежным выкананні мэт і задач. У любым разе, па нашым меркаванні, размова ідзе аб неабгрунтаваным пашырэнні сферы дзейнасці палітычных партый у выгадным для дзяржавы ракурсе.

3. У адпаведнасці з арт.10 Закона “… для стварэння і дзейнасці палітычнай партыі неабходна не менш за 5 000 заснавальнікаў (членаў). Пры гэтым ад кожнай з абласцей і горада Мінска неабходна не менш за 100 заснавальнікаў (членаў)”.

Дадзенае палажэнне робіць больш жорсткімі ўмовы стварэння палітычных партый і пры абавязковай перарэгістрацыі прывядзе шмат якія партыі да ліквідацыі. Гэта звязана з тым, што партыі да ўступлення ў моц новай рэдакцыі закона, павінны былі мець больш за 1 тысячу членаў, і колькасць членаў у вялікай колькасці партый складае 1–2 тысячы чалавек. Пры гэтым тэрмін для прадастаўлення пашыранага спісу членаў партый пры перарэгістрацыі вызначаны  ў тры месяцы пасля ўступлення закона ў сілу.

Такое рэзкае павелічэнне колькаснага складу заснавальнікаў (членаў) палітычных партый лічым неабгрунтаванай перашкодай у рэалізацыі права грамадзян на свабоду аб’яднанняў (арт.36 Канстытуцыі) і права на ўдзел у рашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз абраных прадстаўнікоў (арт.37).

Неабходна таксама ўлічваць, што ч.5 арт.104 Канстытуцыі прадугледжвае, што закон не мае адваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае альбо адмяняе адказнасць грамадзян.

4. Акрамя таго, у арт.9 Закона права быць заснавальнікамі палітычнай партыі прадстаўляецца толькі грамадзянам, якія пастаянна пражываюць ў Рэспубліцы Беларусь. Адпаведнае патрабаванне да членаў партыі замацавана ў арт.13 Закона. Гэта азначае, што права аб’ядноўвацца ў палітычныя партыі пазбаўлены грамадзяне Беларусі, якія выехалі за межы Беларусі.

Пазначанае новаўвядзенне, на нашу думку, уступае ў супярэчнасць з арт. 36 Канстытуцыі, якая гарантуе права кожнага на свабоду аб’яднанняў і ўсталёўвае дэталёвы пералік тых, хто не мае такога права; арт.22 Канстытуцыі, згодна з якой ўсе роўныя перад законам; а таксама з арт.3 і арт.4 Закона “Аб грамадзянстве Рэспубліцы Беларусь”.

5. У арт.21 Закона замацоўваюцца не толькі правы, але і абавязкі палітычных партый, якія могуць значна абцяжарыць дзейнасць партый. У ліку абавязкаў утрымліваецца патрабаванне “… забяспечваць выкананне асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам”.

Уяўляецца, што ўскладанне на партыі такога абавязку ёсць не што іншае, як навязванне ідэалогіі групы людзей, якія прадстаўлены ва Усебеларускім народным сходзе, што забараняецца арт.4 Канстытуцыі. Гэта таксама парушае свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выражэнне грамадзянамі – членамі палітычных партый (арт.33 Канстытуцыі).

6. Арт.32 дадаецца шэрагам новых падстаў для ліквідацыі палітычных партый, у тым ліку “… здзяйсненне палітычнай партыяй, саюзам… тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам, а таксама дзеянняў, якія наносяць шкоду дзяржаўным і (альбо) грамадскім інтарэсам”; “неадпаведнасці дзейнасці палітычнай партыі, саюза асноўным накірункам знешняй і ўнутранай палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам”.

На нашу думку, пазначаныя нормы выходзяць за рамкі абмежаванняў, якія дапускаюцца Канстытуцыяй, прадугледжаных у арт.5 і арт. 23 Канстытуцыі. Прычым змест уведзеных падстаў з’яўляецца неканкрэтным і ў шмат чым меркаваным. На практыцы гэта можа прывесці да прыняцця неабгрунтаваных рашэнняў у дачыненні да партый.

7. У заключных палажэннях Закона “Аб зменах законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” ўтрымліваецца норма аб неабходнасці правядзення перарэгістрацыі дзеючых у Беларусі партый у трохмесячны тэрмін з дня ўступлення яго ў сілу.

Такое прадпісанне можна расцаніць як большую верагоднасць ліквідацыі палітычных партый, якія маюць альтэрнатыўнае ад асобаў, якія знаходзяцца пры ўладзе, бачанне развіцця краіны, паколькі выканаць указаныя патрабаванні ў вельмі кароткі тэрмін, без надання партыям магчымасці ўплываць на палітычныя працэсы ў краіне, нерэальна.

На падставе згаданага, просім правесці праверку Закона “Аб зменах законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” на адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

Дзе ўзяць грошы на арэнду?

Такое пытанне БСДП напярэдадні разгляду закона аб палітычных партыях задала старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Леаніду Брычу.

“Прэзідыумам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) разгледжаны праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў”, які ўнесены Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у Палату прадстаўнікоў 27.12.2022 г, – напісана ў звароце БСДП да дэпутата Брыча. – Разам з тым звяртаем вашу ўвагу на тое, што прапанаваны законапраект не быў вынесены на публічнае абмеркаванне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах”. У 2019 годзе быў прапанаваны для грамадскага абмеркавання законапраект з падобнай назвай, але тое, што ўнесена Саветам Міністраў, з’яўляецца абсалютна новым дакументам, які толькі прыкладна на 10 працэнтаў супадае з тым, што выносілася на абмеркаванне.

Звяртаемся да Вас с заклікам не галасаваць за прапанаваны законапраект, пераканаць іншых дэпутатаў не прымаць законапраект “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” у прапанаванай рэдакцыі па наступных прычынах:

Тэкстам законапраекта п. 7 арт. 2 прапануецца норма, што партыя павінна мець Мінскую гарадскую і абласныя арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь і горадзе Мінску, а таксама раённыя і (ці) гарадскія арганізацыйныя структуры не менш чым у адной трэці раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання кожнай з абласцей Рэспублікі Беларусь і раённыя арганізацыйныя структуры не менш чым ў адной трэці раёнаў горада Мінска.

Вы, як дэпутат, член адной з найстарэйшых партый у Беларусі – Беларускай патрыятычнай партыі, добра ведаеце сучасны стан партыйнага жыцця ў краіне. Ваша партыя на сённяшні дзень мае 4 абласныя структуры і 16 раённых і гарадскіх партыйных структур. Пры прыняцці дадзенага законапраекта Беларускай патрыятычнай партыі прыйдзецца шукаць і арандаваць больш за 40 офісных памяшканняў для рэгістрацыі аргструктур у адпаведнасці з прапанаваным законапраектам. А як кіраўніку Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Вам мусіць быць вядомы кошт арэнды адміністрацыйных памяшканняў ў Беларусі.

Пры прыняцці дадзенага законапраекта ў прапанаванай рэдакцыі вашай партыі прыйдзецца дадаткова выдаткоўваць сродкі, шукаць памяшканні, у трохмесячны тэрмін праводзіць сходы і падаваць дакументы для адкрыцця больш за 40 абласных, раённых і гарадскіх структур БПП. Думаем, што абласныя і Мінскае гарадское упраўленні юстыцыі не будуць гатовы на працягу трох месяцаў, а па факце ў апошні месяц трохмесячнага перыяду (арт.5 законапраекта), арганізаваць разгляд сотняў заяў ад дзеючых палітычных партый аб рэгістрацыі іх аргструктур.

Лічым, што прапанаваная норма ў законапраекце накіраваная не на развіццё палітычнага жыцця ў Беларусі, а на  абмежаванне палітычнай дзейнасці.

Заклікаем не галасаваць за прапанаваны законапраект і пераканаць іншых дэпутатаў не прымаць яго. Калі Вы не згодны з нашымі аргументамі і будзеце галасаваць “ЗА”, просім патлумачыць нам вашу пазіцыю”.

Вось што адказаў на гэты зварот дэпутат Брыч.

Адказ дэпутата Палаты прадстаўнікоў Л.Брыча.
Адказ дэпутата Палаты прадстаўнікоў Л.Брыча.

 

Алега Гайдукевіча прасілі не галасаваць за законапраект

Амаль аналагічны зварот БСДП накіравала і Алегу Гайдукевічу. Яго, як і Леаніда Брыча, прасілі не галасаваць за законапраект.

“Ваша партыя на сённяшні дзень мае 7 абласных і 15 раённых і гарадскіх партыйных структур. Вам мусіць быць добра вядома, наколькі складана і дорага арандаваць памяшканні для рэгістрацыі палітычных структур. Пры прыняцці дадзенага законапраекта ў прапанаванай рэдакцыі вашай партыі прыйдзецца дадаткова выдатковаць сродкі, шукаць памяшканні, у трохмесячны тэрмін праводзіць сходы і падаваць дакументы для адкрыцця каля 40 раённых і гарадскіх структур ЛДПБ. Думаем, што абласныя і Мінскае гарадское упраўленні юстыцыі не будуць гатовыя на працягу трох месяцаў, а па факце ў апошні месяц трохмесячнага перыяду (арт. 5 законапраекту), арганізаваць разгляд сотняў заяў ад дзеючых палітычных партый аб рэгістрацыі іх аргструктур.

Лічым, што прапанаваная норма ў законапраекце накіравана не на развіццё палітычнага жыцця ў Беларусі, а на абмежаванне палітычнай дзейнасці…”

Вось што на гэта адказаў Алег Гайдукевіч.

Адказ дэпутата ППНС Алега Гайдукевіча.
Адказ дэпутата ППНС Алега Гайдукевіча.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) звярнулася ў Канстытуцыйны суд з нагоды новага закона аб палітычных партыях

Беларуская аграрная партыя можа таксама знікнуць

Пра гэта БСДП нагадала старшыні пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Людміле Ніжэвіч.

“Ваша партыя адна з нямногіх, якія прадстаўлены дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў, і адна з нямногіх, якая ўжо шмат год не праводзіць пасяджэнні вышэйшага органа, – напісаў ёй Аляксей Сігаеў. – Між тым гэта не перашкаджае Вам адстойваць інтарэсы сваёй партыі і без абавязковасці перыядычнага выбару кіруючага органа. Ліквідацыя Беларускай аграрнай партыі прывядзе да змяншэння плюралізму думак, змяншэнню разнастайнасці палітычных партый, прадстаўленых у парламенце.

Ваша партыя мае 7 абласных, 10 раённых і гарадскіх арганізацый, а таксама 59 першасных. Для прывядзення дзейнасці Вашай партыі ў адпаведнасць патрабаванняў прапанаванага законапраекта, Вам прыйдзецца ў трохмесячны тэрмін правесці сходы, падрыхтаваць і падаць заявы па больш як 50 арганізацыйных структурах. Думаем, што абласныя і Мінскае гарадское упраўленні юстыцыі не будуць гатовы на працягу трох месяцаў, а па факце ў апошні месяц трохмесячнага перыяду (арт.5 законапраекта), арганізаваць разгляд сотняў заяў ад дзеючых палітычных партый аб рэгістрацыі альбо перарэгістрацыі іх аргструктур.

Лічым, што прапанаваныя нормы ў законапраекце накіраваны не на развіццё палітычнага жыцця ў Беларусі, а на абмежаванне палітычнай дзейнасці, што супярэчыць Рэзалюцыі VI Усебеларускага народнага сходу”.

Вось што адказала Ніжэвіч.

Адказ дэпутата Л.Ніжэвіч.
Адказ дэпутата Л.Ніжэвіч.

Паглядзім, што адкажа на зварот БСДП (Грамада) Канстытуцыйны суд.

Вера ВІР.