
“Антон Луцкевіч, Якуб Колас і Аркадзь Смоліч былі сябрамі Грамады! Далучайся і ты! – гаворыцца ў звароце, які запісалі партыйцы. — У гэтым годзе Беларуская Сацыялістычная Грамада адзначыла б 120 год.
Яе гісторыя часова прыпынілася ў 1924 годзе, бо працаваць пры бальшавіках ужо было немагчыма.
У 1991 годзе партыя была адноўлена прыхільнікамі ідэй сацыял-дэмакратыі. З 2005 мы сталі называцца Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) і ў гэтым годзе святкуем свае трыццаць другія ўгодкі адноўленай Грамады.
Увесь гэты час мы змагаліся за нашы ідэалы – свабоду, справядлівасць і салідарнасць.
Менавіта з ініцыятывы сябраў Грамады была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918 годзе.
Дзякуючы сябрам Грамады і сябрам Беларускага Народнага фронту ў 1991 бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” сталі дзяржаўнымі сімваламі. Рукой сацыял-дэмакрата Мечыслава Грыба у 1994 годзе была падпісана Канстытуцыя незалежнай Беларусі.
5 сакавіка 2023 года была прынята новая рэдакцыя закона “Аб палітычных партыях”. Цяпер нам трэба мець у сваіх шэрагах 5 000 сябраў. У нас іх няма і каб застацца партыяй нам трэба ваш удзел і падтрымка.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада – партыя роўнасці і справядлівасці, партыя будучыні, партыя большасці грамадзян, якія хочуць перамен!
Наш бел-чырвона-белы сцяг з ружаю – афіцыйна зарэгістраваны і з’яўляецца сімвалам прыхільнікаў свабоды і роўнасці.
Мы падтрымліваем традыцыі, змяняем сучаснасць і глядзім у будучыню!
Максім Багдановіч, Элаіза Пашкевіч і Алесь Гарун у свой час зрабілі правільны выбар і сталі сацыял-дэмакратамі. Зрабіце і вы правільны выбар – уступайце ў Грамаду!
Запоўніць анкету на ўступленне ў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) можна тут.
Ці назбірае пакуль яшчэ афіцыйна зарэгістраваная партыя 5000 сябраў?
“Паглядзім,— адказвае “Народнай Волі” старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў. — Пытанне зараз яшчэ і ў тым, наколькі бяспечна падаваць спісы, бо іх могуць пачаць адпрацоўваць сілавікі. Бо бяспеку сябрам мы гарантаваць не можам…”