Беларуска-туркменскі блеф на шведскую тэму?

Фото из открытых источников.

Паведамленні расійскіх СМІ, шчыра кажучы, здзівілі. Згодна загалоўкам, “Беларускі аналаг IKEA плануе да канца года адкрыць 10 магазінаў у Маскве”.

Акрамя таго, у 2023-м, як паведамляе ТАСС, па ўсёй Расіі адкрыюць да 50 магазінаў Swed House – менавіта гэту беларускую кампанію ў Расіі называюць “аналагам IKEA”.

Дзіва-дзіўнае! Бо ў Беларусі пра такі “аналаг” мала хто ведае. Хаця навіну ахвотна падхапілі і беларускія СМІ.

Пра гіганцкія планы невялічкай беларускай кампаніі стала вядома ад кіраўніка расійскага  Саюза гандлёвых цэнтраў Булата Шакірава. «Наш саюз падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з кампаніяй Swed House, якая вырабляе прадукцыю, аналагічную IKEA, каб у 2023 годзе адкрыць 10 крам у Маскве, плошчай да тысячы квадратных метраў», – сказаў ён.

Калі верыць расійскім СМІ, то Swed House гэта гігант, які “валодае вытворчымі магутнасцямі ў Беларусі, Расіі, Казахстане і Кітаі. Вырабляе тавары для дома, мэблю, тэкстыль і многае іншае”.

«Мы цяпер атрымалі больш за 100 запытаў ад гандлёвых цэнтраў, якія хочуць у сябе іх размясціць Swed House», — адзначыў суразмоўца ТАСС.

Дык што ж гэта за беларускі Swed House такі, што ўскалынуў Расію, хаця ў Беларусі працуе амаль што цішком?

Чаму “амаль што”? Таму што адзін магазін у Беларусі кампанія ўсё ж такі мае. Ён толькі ў лістападзе мінулага года адкрыўся на 28-м кіламетры МКАД, у гандлёвым цэнтры «Дайманд Сіці».  Яшчэ нядаўна асартымент не вельмі ўражваў: штук пяць канап, некалькі вялікіх крэслаў, крэслы і сталы для гасцінай, шкло, вазы, падушкі,  пледы… Кампанія была ў Беларусі хутчэй вядомая тым, што па запыце дастаўляе тавары з сапраўднай IKEA. І выкупіла для працы ў Беларусі франшызу Yoko – продаж рознай дробязі для моладзі, хутчэй нават – для падлеткаў.

Відавочна, што скарыстаўшыся тым, што з Расіі сышлі такія вядомыя кампаніі з таварамі для дома, як IKEA і Jysk, невялічкая кампанія вырашыла ісці ва-банк і паспрабаваць хоць часткова заняць іх месца. Па масштабах з сусветна вядомымі гігантамі беларускую кампанію нават нельга супаставіць.

Уладальнік сеткі крам Swed House – Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Мердэм”. Як вядома з адкрытых крыніц, яно беларускае, але было створана грамадзянамі Туркменістана. Дырэктар — Мурат Шагылыджаў. Яшчэ нядаўна, як паведамляў сам спадар Шагылыджаў, асноўным напрамкам дзейнасці кампаніі з’яўляліся аптовыя пастаўкі гаспадарчых тавараў у гандлёвыя сеткі “Святлафор”, “Дабрацэн» і іншыя.

Такім чынам, “беларускі аналаг IKEA” вырас практычна з нічога. Ды і не аналаг гэта зусім. Вялікае пытанне нават у тым, наколькі праект з’яўляецца беларускім.

Ва ўладальнікаў «Мердэм» няма вытворчасці, але ёсць ідэя – прапанаваць супрацоўніцтва прамысловым прадпрыемствам у Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая, якія раней выпускалі тавары для IKEA.

«Калі шчыра, я як спажывец, купляючы мэблю IKEA, ніколі і падумаць не мог пра тое, што яе вырабляюць пад бокам», — празнаўся Мурат Шагылыджаў расійскаму выданню “РБК”.

І паведаміў, што частку асартымента сеткі будуць вырабляць у Інданезіі і Пакістане, вядуцца перамовы з Іранам. Гэта, нібыта, дазволіць забяспечыць якасць і дызайн тавараў на ўзроўні тых, якія мелі месца ў шведска-нідэрландскіх крамах, а кошты па некаторых пазіцыях могуць апынуцца нават ніжэй. Ён удакладніў, што ўжо наладжаны кантакт з 20-ю прадпрыемствамі з Беларусі і Расіі, і з 80-ю з Кітая. Пры гэтым, як сцвярджаюць у ТАА «Мердэм», хоць тавары, якія плануецца рэалізоўваць у новай гандлёвай сетцы, вельмі падобныя на тавары IKEA, але яны не з’яўляюцца плагіятам і, нібыта, прайшлі патэнтныя праверкі.

Нагадаем, што ў кампаніяй IKEA ў Беларусі раней працавалі прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, а на Мінскім гадзіннікавым заводзе нават рэалізавалі спецыяльны інвестыцыйны праект для вытворчасці будзільнікаў для IKEA. Але шведскі канцэрн афіцыйна паведаміў, што з беларускім Swed Нouse ніякіх стасункаў не мае.

Такім чынам, навіны пра раптоўнае з’яўленне бларускага “аналага IKEA” трэба разглядаць як блеф і дзёрзкую рэкламу. Зайдзіце ў любы беларускі магазін тавараў для дома, і вы пабачыце гэтыя “аналагі”.

Ігар МАРОЗАЎ.