Выява носіць ілюстрацыйны характар

Увесь мінулы год у Беларусі прайшоў пад знакам увагі да арміі і бясконцых вучэнняў Узброеных сіл. Нягледзячы на гэта ў рэйтынгу армій свету нашы вайскоўцы згубілі адразу восем пазіцый.

Нашу краіну апярэдзілі ўзброеныя сілы Азербайджана, Эфіопіі, Фінляндыі, Сербіі, Балгарыі і шэрагу іншых дзяржаў. У Military Strenght Ranking, складзены даследчым рэсурсам Globalfirepower на падставе каля 60 фактараў, Беларусь стала толькі 60-й.

Годам раней сіла беларускай арміі ацэньвалася 52-й радком сусветнага рэйтынгу.

А вось першая чацвёрка самых магутных армій свету не зведала змен. Гэта Узброеныя сілы ЗША, Расіі, Кітая і Індыі. На пятае месца з восьмага паднялася Вялікабрытанія.

Даследчыкі вылучылі таксама Украіну, якая ва ўмовах ваеннага канфлікту нарасціла свае пазіцыі ў рэйтынгу Globalfirepower узляцела з 22-га на 15-е месца. І за мінулы год украінская армія апярэдзіла, напрыклад, такія краіны, як Германія, Ізраіль, Тайвань і Саудаўская Аравія.

З 24-га на 20-е месца перамясцілася за год Польшча.

У Сярэдняй Азіі імкліва нарошчвалі ваенны патэнцыял Узбекістан і Казахстан, якія сталі, адпаведна, 62-й і 63-й арміямі ў свеце.

Ігар МАРОЗАЎ.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.