Беларусь спрабуе прабіцца ў Савет бяспекі ААН

Валянцін Рыбакоў. Фота з адкрытых крыніц.
Валянцін Рыбакоў. Фота з адкрытых крыніц.

Як вядома, Савет Бяспекі ААН складаецца з 15 членаў. Пяць пастаянных – гэта Кітай, Расійская Федэрацыя, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Францыя. І дзесяць непастаянных членаў, якія абіраюцца на двухгадовы тэрмін. Цяпер гэта Албанія (2023 год), Бразілія (2023), Габон (2023), Гана (2023), Мальта (2024), Мазамбік (2024), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2023), Швейцарыя (2024), Эквадор (2024), Японія (2024).

Беларусь спрабуе прабіцца ў склад Савета Бяспекі ААН ад Усходняй Еўропы на перыяд 2024–2025 гады.

Падобна на тое, што месца ў вышэйшым органе ААН нам усё-ткі не пабачыць. На гэта ўжо намякае пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў:

“Як усім добра вядома, у 2006 годзе Рэспубліка Беларусь вылучыла сваю кандыдатуру на месца непастаяннага члена Савета Бяспекі ААН на 2024–2025 гады ад Усходнееўрапейскай групы. Выбары адбудуцца ў чэрвені гэтага года. На працягу пятнаццаці гадоў Рэспубліка Беларусь была адзіным кандыдатам ад групы.

9 снежня 2021 года сваю кандыдатуру на гэтае ж месца ўнесла Славенія, хоць яшчэ ў 2017 годзе яна ўжо ўнесла ў групу сваю кандыдатуру на 2042–2043 гады. Спадзяюся, усе выдатна разумеюць, што гэта не суверэннае рашэнне Славеніі.

У нас ніякіх крыўдаў на Славенію ў гэтым сэнсе няма. Палітычная матываванасць такога антыбеларускага кроку, я думаю, ясная абсалютна ўсім.

Ці баімся мы прайграць на выбарах, разумеючы ўсю маштабнасць антыбеларускай кампаніі? Не, не баімся. Калі мы і прайграем, то зробім гэта з годнасцю. Мы дзякуем тым краінам, якія ўжо выказалі нам сваю падтрымку”.

Відавочна, што Рыбакоў ужо прагназуе наш пройгрыш.  Але ці трэба тлумачыць – чаму?

Дарэчы, Беларусь (дакладней – Беларуская ССР) уваходзіла ў склад Савета Бяспекі ААН у 1974–1975 гадах.

Алена НОВІКАВА.