Беларус можа жыць спакойна?

Юрый Караеў. Фота з адкрытых крыніц.
Юрый Караеў. Фота з адкрытых крыніц.

СКАЗАНА!

Юрый Караеў, памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці, былы міністр унутраных спраў:

— Людзі разабраліся, што галоўнае пасля ежы — гэта спакой, бяспечнае жыццё. Адсюль усе вытворныя: спакойна гадаваць сваіх дзяцей, глядзець, якія ў іх поспехі ў школе, каб яны не свавольнічалі, каб дома быў дастатак.

(З інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь-1”).

БЛІЦ-КАМЕНТАРЫЙ

Беларус можа жыць спакойна?

Можна было б напісаць цэлы трактат на тэму, як мы да такога дажыліся: высокія чыноўнікі ўжо пераконваюць, што шкала каштоўнасцяў беларусаў абмяжоўваецца прыроднымі інстынктамі – жыць сыта і гадаваць дзяцей. Але гэта асобная вялікая тэма. А сёння я хачу спытаць спадара Караева, чаму тыя чалавечыя якасці, якія і забяспечылі развіццё чалавецтва — такія, як прага да свабоды, вольнадумства, здольнасць да крытычнага аналізу – не вітаюцца ў нашай дзяржаве?

Ці хаця б больш простае пытанне. Цікава, што ён мае на ўвазе, калі гаворыць пра “ спакойнае жыццё”?

Прывяду прыклад.

Уся Беларусь ужо каторы месяц узбуджана абмяркоўвае навіны пра тое, што людзей звальняюць з працы не толькі за ўдзел у акцыях пратэста, але нават за подпісы, пастаўленыя за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. Кажуць, што ёсць нейкія “чорныя спісы” і, намякаючы на подпіс “не за таго”, з людзьмі не працягваюць кантракты.

Праўда гэта ці няпраўда, — афіцыйных каментарыяў няма. Ніхто не абверг такія чуткі. Ніхто не запэўніў, што па законе беларусы могуць вылучаць на выбарах любога кандыдата, ды і галасаванне ў нас тайнае. Таму калі Цэнтрвыбаркам некаму перадаў тыя спісы, тым больш – калі па іх праводзяцца “чысткі”, то вінаватыя атрымаюць і па шапцы, і па руках.

Няўжо Юрый Караеў не ведае, пра якую колькасць людзей ідзе гаворка?

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты было сабрана амаль 400 тысяч подпісаў, за Валерыя Цапкалу – амаль 200 тысяч, за Святлану Ціханоўскую – больш за 100 тысяч, за Андрэя Дзмітрыева – больш за 100 тысяч… Так, некаторыя ставілі подпісы адразу за некалькіх кандыдатаў. Але вы ўяўляеце, пра якую колькасць людзей у дадзеным кантэксце размова? Яны могуць жыць спакойна, не ведаючы, што з імі заўтра здарыцца?

І гэта толькі адзін прыклад, хаця іх мноства.

Беларус можа жыць спакойна, калі афіцыйна абвешчана, што “бываюць часы, калі не да законаў”?

Беларус можа жыць спакойна, калі ведае, што ў выпадку канфлікта з праваахоўнай сістэмай адвакат за яго апраўданне змагацца не стане, бо будзе баяцца страціць ліцэнзію?

Беларус можа жыць спакойна, калі штодня ідуць звесткі пра нейкія аблавы – то на страйкбалістаў, то на фанатаў спартыўных клубаў, то на гістарычных рэканструктараў, то на жыхароў пэўнага мястэчка?

Беларус можа жыць спакойна, калі ў нашай краіне прысутнічаюць чужыя салдаты, а з тэлеэкранаў прапагандысты пагражаюць бамбіць і Варшаву, і Лондан?

І так далей, і так далей.

Як можна жыць спакойна, калі ў Беларусі караюць нават за тое, што не забаронена – за не таго колеру адзенне; за выявы сімволікі са спісу нацыянальна-культурных каштоўнасцяў; за тое, што проста апынуўся не ў той час не ў тым месцы…

Дык што мае на ўвазе Юрый Караеў, калі гаворыць пра “спакойнае жыццё”? Дзе яно, гэта наша спакойнае жыццё?..

Нядаўна з Беларусі з’ехала наша калега. Яна не ўцякала ад крымінальнага пераследу, яна не бегла за вялікімі грашыма ці лепшым жыццём. Яна патлумачыла сваё рашэнне проста: “Больш не магу баяцца, не маю сіл”.

Спадар Караеў, скажыце шчыра, людзі, якіх штодня запалохваюць, якіх можна пакараць за што заўгодна – нават за тое, што не забаронена — могуць жыць спакойна? Адкажыце на гэтае пытанне хаця б самому сабе.

Алена НОВІКАВА.