
Эканамічны суд Мінска 5 красавіка 2023 года паведаміў аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці замежнага прыватнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Штотц Агра-Сэрвіс». Дакумент апублікаваны на сайце Адзінага дзяржрэестра звестак аб банкруцтве.
Як адзначаецца, агульная крэдыторская запазычанасць завінавачанага на момант адкрыцця вытворчасці складала 22,5 мільёна еўра, 8 мільёнаў беларускіх рублёў, 112,2 тысячы долараў ЗША і 2,8 мільёна расійскіх рублёў.
Патрабаванні крэдытораў у ходзе працэдуры банкруцтва былі пагашаны часткова – на агульную суму 4,4 мільёна еўра, 3,8 мільёна беларускіх рублёў і 2,8 мільёна расійскіх рублёў. Такім чынам, непагашаная запазычанасць у выніку склала 18,2 мільёна еўра, 4,2 мільёна беларускіх рублёў і 112,2 тысячы долараў ЗША.
“Рашэнне суда з’яўляецца падставай для ўнясення запісу аб выключэнні даўжніка з адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асоб і ІП”, – сказана ў дакуменце.
За сухімі фармулёўкамі – канстатацыя бясслаўнага фіналу праекта, які ў свой час называлі ўзорным. Справа ў тым, што стварэнне замежнага прадпрыемства “Штотц Агра-Сэрвіс” з’яўлялася першым вопытам замежных інвестыцый у беларускі аграпрамысловы комплекс.
У 2000 годзе нямецкія бізнесмены Лорэнц-Петэр Штотц і Вальтраўд Шустак выкупілі дзве глыбока стратныя гаспадаркі ў Смалявіцкім раёне, не спалохаўшыся ні завоблачных запазычанасцяў перад крэдыторамі, ні мізэрных ураджаяў збожжавых і надояў кароў, ні тэхнікі, якая стаяла на прыколе. І разгарнулі бізнес так, што ўжо праз пару-тройку гадоў сюды сталі вазіць на вучобу спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў з усіх рэгіёнаў краіны.
Лорэнц-Петэр –заможны нямецкі бізнесмен. Падлеткам працаваў у бацькі-фермера, затым ужо самастойна арганізаваў невялікую машынна-трактарную станцыю, якая з часам пачала прадастаўляць платныя паслугі мясцовым фермерам. Пасля аб’яднання Германіі філіял Штотца прыйшоў і на ўсходнія нямецкія землі. Да сярэдзіны 90-х яго фірма «Штотц Агра-Сэрвіс» стала адной з найбуйнейшых міжнародных аграсэрвісных кампаній у Еўропе, абслугоўвае тысячы фермерскіх гаспадарак і аграфарміраванняў, з’яўляецца імпарцёрам-экспарцёрам сельгастэхнікі з разгалінаванымі сэрвіснымі службамі.
У Беларусі “Штотц Агра-Сэрвіс” прапісаўся больш за 25 гадоў таму, але да 2000 года фірма займалася збольшага пастаўкамі еўрапейскай сельгастэхнікі, а потым вырашылі пастаўкамі тэхнікі не абмяжоўвацца.
Бізнес будавалі з перспектывай: у вёсцы Старына Смалявіцкага раёна ўзвялі лагістычны цэнтр плошчай 3,5 тысячы квадратных метраў – з боксамі для сельгастэхнікі, складамі запчастак, сэрвіснай майстэрняй. Адкрылі філіялы ва ўсіх абласцях. Сам спадар Штотц раз на два тыдні наведваўся з Германіі ў Беларусь на прыватным самалёце. А ў 2000-м Лорэнц-Петэр Штотц выкупіў некалькі патанулых у даўгах гаспадарак Смалявіцкага раёна – «Ленінскі шлях» і крыху пазней «Пекалін», разлічыўся з крэдыторамі, выплаціў запазычанасць па зарплаце, абсталяваў гаспадаркі еўрапейскай сельгастэхнікай. Яго дзейнасць вельмі цанілі. Прызналі ганаровым доктарам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У 2012 годзе ў яе сценах ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме ўплыву хімічных сродкаў абароны раслін на павышэнне ўраджайнасці збожжавых культур.

Але толькі напачатку ўсё было добра. Справа ў тым, што нямецкі ўласнік былых беларускіх калгасаў не спяшаўся выконваць даведзеныя яму планавыя заданні, не імкнуўся ўзначальваць першыя радкі раённай справаздачнасці, трывала ўмацаваўшыся ў групе сераднякоў. А ў 2015 годзе «Штотц Агра-Сэрвіс» ужо ўвогуле трапіў у «чорны спіс» падаткавікоў.
У 2017 годзе па ініцыятыве інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Смалявіцкім раёне Эканамічны суд Мінскай вобласці распачаў справу аб банкруцтве замежнага сельгаспрадпрыемства «Штотц Агра-Сэрвіс». Працэс банкруцтва цягнуўся ажно да красавіка гэтага года.
Чаму беларуская зямля не пайшла на карысць нямецкім інвестыцыям? Можа, таму, што нямецкі бізнес хацеў развівацца па сваім плане, а беларуская дзяржава спрабавала кіраваць, умешвацца, даводзіла свае “прагнозныя паказчыкі”? Дзейнічала так, як у Еўропе не працуюць…
Напэўна, у адказе на гэтае пытанне ў кожнага з бакоў будзе свая праўда. Але ў любым выпадку, праект які планаваўся як узорны і прарыўны, у выніку стаў бізнес-правалам. І сам гэты факт ужо з’яўляецца нагодай, каб сітуацыю грунтоўна прааналізаваць і зрабіць высновы.