
18 студзеня ў Брэсцкім абласным судзе пачнуць разглядаць справу Дар’і Лосік.
Нагадаем, што Дар‘ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка мінулага года. Блогер і журналіст Ігар Лосік цяпер адбывае пакаранне ў калоніі – ён асуджаны на 15 год.
Паводле матэрыялаў справы, Дар’я дала інтэрв’ю “экстрэмісцкаму фарміраванню”, “у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Яна дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад”.
Дар’і Лосік пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
У Ігара і Дар’і ёсць дачка Паўлінка, якой днямі споўнілася чатыры гады. З кім зараз дзяўчынка, пакуль бацькі знаходзяцца за кратамі?
Цяпер Паўліна жыве ў бабулі і дзядулі – бацькоў Дар’і Лосік, а да гэтага пэўны час была ў бацькоў Ігара. Не так даўно Паўлінка пайшла ў дзіцячы садок.
“Вельмі балюча, што маленькая дзяўчынка засталася без бацькоў, – распавядаюць знаёмыя Ігара і Дар’і Лосік. – Яшчэ добра, што дзяўчынку ў прытулак не забралі, бо ёсць каму даглядаць. Але ўсё роўна ўявіце, як у такой сітуацыі даводзіцца бацькам, якія адарваны ад дачушкі, і як даводзіцца малой, якая вымушана расці без бацькоў”.
Зараз бабулі і дзядулі афармляюць апеку над унучкай. Паводле закону, з бацькоў дзяўчынкі павінны спаганяць грошы на ўтрыманне дзіцяці, а яны абое за кратамі.
“Мы самі будзем пагашаць доўг, – кажуць бацькі палітвязняў. – Сума там невялікая – крыху больш за 200 рублёў”.
Ігар СТАСЕВІЧ.
Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.