На Каляды Аляксандр Лукашэнка наведваў мінскі храм у імя свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага, які ўваходзіць у склад сталічнага Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Увагу грамадскасці падчас гэтага візіту прыцягнуў да сябе духоўнік гэтага манастыра, протаіерэй Андрэй Лемяшонак, які дзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падтрымку Расіі. Дзякаваў за падтрымку вайны? За тое, што цывілізаваны свет лічыць злачынствам?..

Хто ж такі святар Андрэй Лемяшонак?

Протаіерэй Андрэй Лемяшонак – чалавек з вельмі пакручастай біяграфіяй.

Айцец Андрэй нарадзіўся ў 1956 годзе ў Мінску, у сям’і служачых. Па маладосці ён быў сапраўдным нефармалам – хіпаваў, захапляўся талстоўствам, шукаў сябе ва ўсходніх філасофіях. Ахрысціўся позна, ў 22 гады. Потым успамінаў, што, калі зайшоў у Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор, “як быццам нарадзіўся нанова”.

Андрэй Лемяшонак кінуў Тэатральна-мастацкі інстытут (зараз – Акадэмія мастацтваў), дзе паспеў правучыцца ўсяго год, і ўладкаваўся працаваць вартаўніком у саборы. Ён спаліў усе масты з сабою ранейшым і на працягу трынаццаці гадоў працаваў пры храме: вартаваў, спяваў у хоры, быў званаром… Адной з самых важных падзей у ягоным жыцці стала сустрэча са старцам Мікалаем Гур’янавым, які служыў на востраве Талабск, што на Пскоўшчыне. Менавіта гэты старац, да якога Андрэй Лемяшонак ездзіў вельмі часта, дабраславіў яго прыняць духоўны сан. У 1996 годзе айцец Андрэй пачаў акармляць хворых Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы ў Навінках. Калі некаторыя сёстры вырашылі прысвяціць сябе манаству, Мітрапаліт Філарэт блаславіў айца Андрэя будаваць непадалёк манастыр і прызначыў яго духоўнікам.

Многія прыхільнікі айца Андрэя будуць здзіўлены, але рэлігійную адукацыю ён атрымаў толькі ў пазамінулым, 2021 годзе, калі скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Хаця ўжо досыць даўно мае імідж “мудрага  настаўніка” і “высокаадукаванага святара”.

Пра тое, што ў прыход прыедзе Аляксандр Лукашэнка, айцец Андрэй паведаміў пастве яшчэ 1 студзеня. І папярэдзіў, што мае што сказаць высокаму візіцёру. Пра што гаварыў і за што дзякаваў – паказалі ўсе дзяржаўныя тэлеканалы.

Дарэчы, протаіерэй Андрэй Лемяшонак у сваіх пропаведзях часта гаворыць пра вайну. Хаця не заўсёды можна разабрацца, пра якую вайну яго прамова: пра вайну чалавека з самім сабой, пра вайну Захада с праваслаўем ці пра вайну ва Украіне.

Вось, напрыклад, цытата з пропаведзі, якая прагучала праз тры дні пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне. “Мы ніяк не можам прайграць вайну. Мы павінны яе выйграць. Абавязкова! З намі Бог! Украіна, Беларусь, Расія гэта адзіная дзяржава, адзіны народ, адзіная вера. І ўсе, хто хоча падзяліць, хто хоча знішчыць гэта, – яны страцяць усё. Вось так! Ніякіх сумнёваў на гэты конт у нас няма і не будзе”.

Важная заўвага: вышэйпрыведзеная цытата – гэта пераклад на беларускую мову. Гаворыць айцец Андрэй выключна па-руску і Беларусь называе выключна “Белоруссия”.

Цікава, ці ведаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы храм на Каляды, што словы падзякі яму гаворыць чалавек, які не прызнае беларускую дзяржаўнасць, не прызнае нават назву нашай дзяржавы?.. А калі ведаў, то як да такога ставіцца?..

Праўда, выступаючы перад Аляксандрам Лукашэнкам, айцец Андрэй быў асцярожным у словах:  хваляваўся, рабіў шмат паўз, абрываў думку…  Звычайна ён не такі, за словам у кішэню не лезе, і пропаведзі свае аздабляе байкамі-жартачкамі: хоць і ўсяго адзін курс, але ўсё ж такі вучыўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце. У пэўнай публікі ён вельмі папулярны.

Айцец Андрэй – бацюшка-казачнік. А людзі казкі любяць. То ён расказвае, што хутка долары будуць валяцца на зямлі, нікому не патрэбныя. То перконвае, што мошчы святога Спірыдона дзіўным чынам стоптваюць тэпцікі, бо святы і сёння ходзіць дапамагаць людзям. Хоць даўно не сакрэт, што грэчаскія манахі разбіраюць тыя тэпцікі на ніткі і раздаюць веруючым. І таму там трэба вязальную фабрыку будаваць, не тое што новыя тэпці закупляць аграмаднымі партыямі.

А зусім нядаўна айцец Андрэй зладзіў сапраўдны “падрыў” пад айчынную і сусветную медыцыну, “знайшоўшы” месца, дзе небяспечны каронавірус і ўвогуле ўсе вірусы цалкам гінуць. І гэта не жарт! Вось цытата з пропаведзі на Новы год. “Прыдумалі, што ў храме можна чымсьці захварэць… Ні на якім Эльбрусе, ні на якім Паміры, ні ў якіх Гімалаях няма такога чыстага паветра, як у царкве. Тут паветра дэзінфікаванае!” – пераконваў веруючых айцец Андрэй.

Дарэчы, калі ён дзякаваў Аляксандру Лукашэнку за тое, што не зачыніў цэрквы і заводы, то, хутчэй за ўсё, дзякаваў менавіта за тое, што падчас пандэміі ў Беларусі не было ніякага каранціну, ўсё працавала.

Хаця нагадаем, што Беларуская праваслаўная царква ў свой час афіцыйна паведамляла, што па стане на сярэдзіну снежня 2021 года сярод духавенства ў епархіях Беларускага Экзархата было зафіксавана 787 пацверджаных выпадкаў захворвання COVID-19. «З пачатку пандэміі 28 святароў памерлі ад ускладненняў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй. У ліку спачылых два архірэі – ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Філарэт і схіепіскап Пётр Дзятлаўскі», – гаварылася ў паведамленні.

Але ці важныя факты, калі бацюшка – казачнік?!  І падобна на тое, што Аляксандр Лукашэнка – адзін з тых, хто ўпадабаў ягоныя казкі.

Ірына МАЛЬЦАВА.

 ТЫМ ЧАСАМ…

Затрымалі за малітву за абаронцаў Украіны

Напярэдадні свята Божага нараджэння сілавікі затрымалі ў Мінску святара Дыянісія Карасцялёва, які служыць у храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць».

Як паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, Карасцялёў «агітаваў за нацыстаў з «Азова» і «прапаведаваў варожую агрэсіўную рыторыку, спрабуючы распальваць нянавісць».

Аўтары канала заяўляюць, што святар прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у пратэстах і мае татуіроўку з «Пагоняй».

Сам святар на апублікаваным відэа кажа, што 1 студзеня пасля асноўнай службы адслужыў малебен, на якім маліўся за воінаў Украіны.

Дыянісій Карасцялёў – сын вядомага сталічнага святара, протаіерэя Ігара Карасцялёва, які ад імя БПЦ апякуе прарасійскае беларускае казацтва.

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.